Мінск 16:07

Дэмсілы заклікалі краіны МКД падтрымаць Літву ў прыцягненні Лукашэнкі да адказнасці ў Гаазе

Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай

30 верасня, Позірк. Беларускія дэмакратычныя сілы заклікалі краіны, якія ратыфікавалі Рымскі статут, падтрымаць намаганні Літвы па прыцягненні Аляксандра Лукашэнкі да адказнасці ў Міжнародным крымінальным судзе ў Гаазе.

Пра гэта гаворыцца ў паведамленні, апублікаваным 30 верасня ў тэлеграм-канале дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай.

Адзначаецца, што тым самым будзе падтрыманае “агульнае імкненне ўсіх беларусаў забяспечыць правасуддзе для сотняў тысяч ахвяр [рэпрэсій]”, а Лукашэнка і “яго саўдзельнікі” адкажуць за “злачынствы, якія ён здзейсніў і працягвае здзяйсняць”.

“Літва стала першай краінай, якая скарысталася сваім правам у рамках Рымскага статута і звярнулася ў Міжнародны крымінальны суд, каб расследаваць злачынствы супраць чалавечнасці, учыненыя рэжымам у Беларусі, — сказала Ціханоўская. — Мы ўдзячныя ўраду Літвы за прынцыповае рашэнне і дзеянне. Для сотняў тысяч пацярпелых, для ўсіх ахвяр рэпрэсій гэта дае надзею. Надзею на справядлівасць, надзею на тое, што злачынствы не застануцца без пакарання”.

Палітык падкрэсліла, што “вінаватыя павінны быць прыцягнутыя да міжнароднай адказнасці, рэпрэсіі — спыненыя, а ўсе незаконна асуджаныя павінны быць вызваленыя і рэабілітаваныя”.

Як паведамляў Позірк, 30 верасня ўрад Літвы перадаў у офіс пракурора МКС у Гаазе матэрыялы аб “трансгранічных злачынствах супраць чалавечнасці, учыненых Лукашэнкам і яго саўдзельнікамі ў дачыненні да беларусаў”.

На сёння Рымскі статут ратыфікаваны 124 дзяржавамі.

Падзяліцца: