Мінск 00:29

Беларускія пагранічнікі пасадзілі дрон на мяжы з Літвой

Скрыншот: відэаматэрыял Дзяржпагранкамітэта

30 верасня, Позірк. Беларускія пагранічнікі 29 верасня выявілі і пасадзілі беспілотнік у Воранаўскім раёне (Гродзенская вобласць) — за сто метраў ад мяжы з Літвой, паведамляе прэс-служба Дзяржаўнага пагранічнага камітэта.

Паведамляецца, што мультыкоптар быў прыземлены “з выкарыстаннем штатнага ўзбраення”.

У дачыненні да ўладальнікаў канфіскаванага беспілотніка распачаты адміністрацыйны працэс. Праводзяцца “аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы для высвятлення ўсіх абставін супрацьпраўнай дзейнасці”.

Супрацоўнікі таго ж — Лідскага — пагранатрада 11 верасня затрымалі дваіх мужчын з беспілотнымі лятучымі апаратамі паблізу мяжы з Літвой.

Раней “Позірк” паведамляў, што ў ноч на 11 верасня на мяжы з Польшчай “з прыцягненнем АМАП” затрымалі двух жыхароў Брэсцкай вобласці, у якіх, паводле сцвярджэння Дзяржпагранкамітэта, былі канфіскаваныя самаробны БПЛА самалётнага тыпу з парашутам, прызначаныя для запуску апарата тросы, чатыры акумулятарныя батарэі, цеплавізар і “таварна-матэрыяльныя каштоўнасці”.

4 верасня незаконны беспілотнік быў знойдзены ў раёне аграгарадка Путрышкі (Гродзенскі раён).

Ад пачатку года пагранічнікі выявілі не менш як 11 дронаў.

1 красавіка набыў моц указ ад 25 верасня 2023 года № 297 “Аб дзяржаўным уліку і эксплуатацыі грамадзянскіх беспілотных лятучых апаратаў”, якім забараняецца ўвоз, захоўванне, абарот, эксплуатацыя і выраб беспілотнікаў і выкарыстанне паветранай прасторы без належнага дазволу.

Акрамя таго, незаконнае трыманне і выкарыстанне беспілотнікаў у памежнай зоне або памежнай паласе з’яўляюцца парушэннем памежнага рэжыму і цягнуць за сабой адміністрацыйную адказнасць (арт. 24.19 КаАП прадугледжвае штраф да 50 базавых велічыняў — да 2.000 рублёў).

Падзяліцца: