Мінск 20:56

Памёр былы дыпламат, ініцыятар беларуска-нямецкага праекта “Надзея” па лячэнні дзяцей з чарнобыльскай зоны Аляксандр Рухля

2001 год. Злева направа: рэктар БДУ Аляксандр Казулін, Аляксандр Рухля, амбасадар ФРГ Хорст Вінкельман, за аператарам — прарэктар БДУ па міжнародных сувязях Уладзімір Астапенка, цяпер прадстаўнік Аб'яднанага пераходнага кабінета Святланы Ціханоўскай па міжнародным і еўрапейскім супрацоўніцтве
Фота: earchives.bsu.by

2 кастрычніка, Позірк. Ва ўзросце 73 гадоў пасля цяжкай хваробы памёр Аляксандр Рухля — ініцыятар стварэння беларуска-нямецкага цэнтра “Надзея” па лячэнні ў самой Беларусі дзяцей з заражаных радыенуклідамі рэгіёнаў, кандыдат хімічных навук, былы навуковы супрацоўнік кафедры радыяцыйнай хіміі, начальнік упраўлення міжнародных сувязяў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, былы намеснік міністра замежных спраў.

У некралогу, апублікаваным дзіцячым рэабілітацыйна-аздараўленчым цэнтрам “Надзея”, адзначаецца, што ў 1987—1988 гадах браў актыўны ўдзел у адборы пробаў глебы ў Нараўлянскім і Веткаўскім раёнах Гомельскай вобласці для стварэння карт радыяцыйнага забруджвання Беларусі з прычыны выбуху на ЧАЭС. Менавіта ў гэты перыяд у яго ўзнікла ідэя стварэння ў рэспубліцы аздараўленчага цэнтра. На працягу многіх гадоў Рухля працаваў у дзяржаўных і грамадскіх арганізацыях, якія займаліся пытаннямі пераадолення наступстваў аварыі на ЧАЭС.

Рухля скончыў філасофскі факультэт Енскага ўніверсітэта (ГДР). Да свайго скону займаў пасаду намесніка старшыні Рэспубліканскага сацыяльна-экалагічнага грамадскага аб’яднання “Жывое партнёрства” (створанае ў 1991 годзе і зарэгістраванае ў 1992-м як Рэспубліканскі гуманітарны фонд “Жыццё пасля Чарнобыля”), дзе адказваў за супрацоўніцтва з “Надзеяй”, а таксама працу з замежнымі партнёрамі і міжнародныя праекты.

У лютым 1994 года быў прызначаны намеснікам міністра замежных спраў ва ўрадзе Вячаслава Кебіча. Пасля абрання Аляксандра Лукашэнкі прэзідэнтам быў накіраваны ў беларускую амбасаду ў Германіі дарадцам-пасланнікам, дзе працаваў да 1996 года.

Рухля быў таксама перакладчыкам Беларускай федэрацыі футбола пры нямецкім трэнеры Берндзе Штанге, які працаваў з нацыянальнай зборнай Беларусі ў 2007—2011 гадах.

У лютым 2005 года Рухля разам з былым рэктарам БДУ Аляксандрам Казуліным падпісаў “Зварот да беларускага народа”, у якім было абвешчана пра стварэнне апазіцыйнага руху “Воля народа”. Пасля гэтага Рухля быў звольнены з пасады начальніка ўпраўлення міжнародных сувязяў ВНУ загадам тагачаснага рэктара Васіля Стражава. У 2006 годзе сам Казулін балатаваўся ў прэзідэнты і, паводле сцвярджэння Цэнтрвыбаркама, атрымаў 2,2% галасоў.

“Да 1994 года чальцы ўрада больш баяліся крытыкі апазіцыі, чым спагнанняў вышэйшага кіраўніцтва. Гэта была збалансаваная сітуацыя: апазіцыя магла ўплываць на стратэгію дзяржавы, на паводзіны ўлады. Так пабудавана сістэма ўлады ва ўсім свеце. (…) Мабыць, я занадта доўга пражыў у Германіі, каб быць задаволеным тым, што ў нас адбываецца. Беларусь — краіна, якая спакойна магла б развівацца ў еўрапейскім рэчышчы. У нас разумныя, адукаваныя людзі, невялікая, спакойная дзяржава. Крыўдна, калі ўяўляеш, што магло б тут быць”, — сказаў Рухля ў інтэрв’ю пасля звальнення з БДУ.

Падзяліцца: