Мінск 22:00

Арменія можа выдаць Беларусі яе грамадзяніна Кірыла Баландзіна

Ерэван
Ілюстратыўнае фота: pixabay.com

10 кастрычніка, Позірк. Арменія можа выдаць Беларусі яе грамадзяніна Кірыла Баландзіна, паведаміла армянскай службе “Радыё Свабода” яго адвакат Ані Чацінян.

Ён быў затрыманы ў сувязі з запытам Беларусі сем месяцаў таму на КПП “Баграташэн” на мяжы Арменіі і Грузіі. Паводле інфармацыі адваката, генеральная пракуратура Арменіі прыняла рашэнне выдаць 36-гадовага Баландзіна Беларусі 31 траўня. Гэтае рашэнне было аспрэчана ў армянскіх судах, але беспаспяхова.

На радзіме Баландзін абвінавачваецца ў “растраце”, удакладніла яна. Размова аб арт. 211 КК (прысваенне або растрата).

Паводле адваката, Баландзін быў нядаўна пераведзены з пенітэнцыярнай установы горада Вандзор у аналагічную ўстанову Ерэвана, што можа азначаць, што экстрадыцыя можа адбыцца ўжо ў бліжэйшы час.

У армянскай генпракуратуры паведамілі, што Генеральная пракуратура Беларусі дала гарантыі абароны яго правоў і свабод.

Аднак беларускія праваабаронцы не сумняваюцца, што ў выпадку экстрадыцыі правы маладога чалавека будуць парушаны ў ягонай краіне, адзначаецца ў матэрыяле.

Па сцвярджэнні абароны, Баландзін можа быць прыцягнуты ў Беларусі да адказнасці за ўдзел у пратэстах 2020 года.

“Рэспубліка Арменія, будучы прававой, дэмакратычнай дзяржавай, не павінна выконваць незаконныя патрабаванні дыктатараў або недэмакратычных краін, краіны, дзе Крымінальным кодэксам да гэтага часу прадугледжана смяротная кара як сродак пакарання, дзе існуе ганебнае сітуацыя масавых парушэнняў правоў”, — заявіла адвакат.

Яна сцвярджае, што экстрадыцыя Баландзіна можа быць адменена, калі Служба іміграцыі і грамадзянства прадаставіць яму прытулак. Паводле Чацінян, экстрадыцыя будзе прыпыненая да разгляду заявы.

У матэрыяле адзначаецца, што паводле звестак ванадзорскага офіса Хельсінкскай грамадзянскай асамблеі, з Мінска паступалі патрабаванні аб экстрадыцыі яшчэ як мінімум двух грамадзян Беларусі, аднак армянскі бок іх не задаволіў: беларусы, якія адшукваюцца за ўхіленне ад воінскай службы, атрымалі ў Арменіі атрымалі статус бежанцаў. Пры гэтым праваабаронцы сцвярджаюць, што крымінальныя справы супраць іх былі ўзбуджаныя з-за іхняга ўдзелу ў мітынгах супраць Аляксандра Лукашэнкі.

3 кастрычніка 2024 года генеральны пракурор Андрэй Швед, паводле інфармацыі беларускага ведамства, на сустрэчы з армянскай калегай Ганнай Вардапецян, абмеркаваў пытанне выдачы Беларусі суграмадзян, абвінавачаных і асуджаных па крымінальных справах. Генпракуратура Арменіі ў паведамленні аб візіце Шведа абмеркаванне пытання выдачы асоб не ўзгадала.

У гэтым годзе Арменія некалькі разоў адмовілася выдаваць людзей па запыце беларускага боку.

2 верасня грамадзянка Беларусі Дыяна Майсеенка была затрымана пры перасячэнні мяжы паміж Грузіяй і Арменіяй. Мінск аб’явіў Майсеенку ў вышук як абвінавачаную паводле ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх). Беларуску некалькі гадзін пратрымалі ў аддзяленні паліцыі, а потым адпусцілі без прад’яўлення якіх-небудзь прэтэнзій.

2 лютага пры перасячэнні гэтай жа мяжы быў затрыманы грамадзянін Беларусі Яраслаў Новікаў. Беларускія ўлады аб’явілі яго ў міждзяржаўны вышук СНД паводле арт. 435 КК (ухіленне ад мерапрыемстваў прызыву на вайсковую службу). Новікаў быў змешчаны пад варту на 40 дзён для экстрадыцыі, аднак ён звярнуўся па палітычны прытулак. У маі Арменія надала Новікаву статус бежанца.

У чэрвені ў Арменіі атрымаў палітычны прытулак грамадзянін Беларусі Максім Вайткявічус. Некалькі месяцаў таму яго затрымалі пры перасячэнні мяжы Грузіі з Арменіяй на падставе вышуку паводле таго ж арт. 435 КК.

Падзяліцца: