Мінск 03:00

Ціханоўская: Спадзяюся, усе сем’і, разбітыя жорсткасцю рэжыму, хутка ўз’яднаюцца

Ілюстрацыйнае фота: Diana Polekhina / unsplash.com

14 кастрычніка, Позірк. З надзеяй на тое, што “ўсе сем’і, разбітыя жорсткасцю рэжыму, хутка ўз’яднаюцца”, беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская 14 кастрычніка павіншавала ўсіх матуль з Днём маці.

“Многія мужныя маці, такія як Паліна Шарэнда-Панасюк, дагэтуль знаходзяцца ў няволі як палітычныя вязні. Давайце не будзем забывацца на іх”, — заклікала палітык на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Х.

У судзе Рэчыцкага раёна (Гомельская вобласць) 14 кастрычніка пачаўся працэс па справе згаданай Шарэнда-Панасюк, якую ў чарговы раз абвінавачваюць паводле арт. 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, якая выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі).

Грамадская актывістка, маці дваіх дзяцей Шарэнда-Панасюк знаходзіцца ў няволі з 3 студзеня 2021 года. У чэрвені таго ж года суд Маскоўскага раёна Брэста прыгаварыў жанчыну да 2 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму паводле арт. 364 (гвалт у дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў), 369 (абраза прадстаўніка ўлады) і 368 (абраза прэзідэнта) КК.

У красавіку 2022 года палітзняволеную прыгаварылі яшчэ да 1 года зняволення паводле ч. 1 арт. 411, у кастрычніку 2023-га — да такога ж тэрміну паводле таго ж артыкула.

21 сакавіка 2024 года Камітэт ААН па ліквідацыі дыскрымінацыі ў дачыненні да жанчын заклікаў беларускія ўлады прыняць тэрміновыя меры для абароны Шарэнда-Панасюк. Гэта першы такі выпадак па справах супраць Беларусі.

22 сакавіка ў эфір выйшла інтэрв’ю палітзняволенай дзяржаўнаму тэлеканалу “Беларусь 1”. Яна паведаміла, што звярнулася да Лукашэнкі з прашэннем аб памілаванні.

Праваабаронцы паведамлялі, што яна можа выйсці на волю 21 траўня, аднак пасля стала вядома, што ў дачыненні да яе распачалі трэцюю крымінальную справу паводле арт. 411 КК.

Муж палітзняволенай Андрэй Шарэнда, які знаходзіцца за мяжой разам з дзецьмі, неаднаразова заяўляў пра пагаршэнне стану здароўя яго жонкі ў няволі.

Падзяліцца: