Мінск 21:20

У верасні тэхагляд прайшло амаль на 20% транспарту менш, чым годам раней

18 кастрычніка, Позірк. У верасні 2024 года прадпрыемства “Белтэхагляд” выдала 116.197 дазволаў на допуск транспартнага сродку да ўдзелу ў дарожным руху — на 19% менш, чым за верасень 2023-га (143.375).

Фізічным асобам у мінулым месяцы выдадзена 94.420 дазволаў (81,3% агульнай колькасці).

За дзевяць месяцаў выдадзена 1.149.457 дазволаў — на 4,7% менш, чым за студзень — верасень 2023-га (1.205.621).

У верасні аформлены 771 дазвол на электрамабілі, з пачатку года — 10.968 (леташняя статыстыка не прыводзіцца).

Паводле звестак Нацыянальнага статыстычнага камітэта, паслугі тэхагляду легкавых аўтамабіляў у студзені — верасні 2024 года падаражэлі на 6,43%.

Кантроль наяўнасці дазволу на допуск ажыццяўляецца ў тым ліку ў аўтаматычным рэжыме адмысловымі тэхнічнымі сродкамі, якія маюць функцыі фота- і кіназдымкі, відэазапісу.

Згодна з ч. 4 арт. 18.11 КаАП, для ўласнікаў — фізічных асоб штраф за кіраванне транспартам без тэхагляду можа дасягаць 3 базавых велічынь (120 рублёў), юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў — 10 б. в. (400 рублёў).

Падзяліцца: