Мінск 17:31

Вальфовіч абмеркаваў з Шайгу “паглыбленне прамысловай кааперацыі” Беларусі і РФ

18 кастрычніка, Позірк. Цяперашні стан і перспектывы двухбаковай супрацы Беларусі і Расіі абмеркавалі 17 кастрычніка ў Маскве дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч і яго расійскі калега Сяргей Шайгу.

Паводле інфармацыі ТАСС, акрамя профільных тэм бакі разглядзелі “пытанні далейшага паглыблення прамысловай кааперацыі, рэалізацыі сумесных праграм і інвестыцыйных праектаў, у тым ліку ў высокатэхналагічных сферах”.

У апублікаваным 9 верасня інтэрв’ю часопісу “Нацыянальная абарона” (РФ) Вальфовіч адзначыў, што Мінск і Масква маюць намер сумесна процідзейнічаць палітыцы ЗША, “недружалюбных дзяржаў НАТО і ЕС”.

Паводле яго слоў, бакі распрацавалі “прынцыпова новы дакумент як паводле структуры, так і паводле зместу”. Ён утрымлівае “сучасныя прыярытэтныя напрамкі гарантавання бяспекі Саюзнай дзяржавы”.

Дакумент “захоўвае магчымасць для прагматычнага ўзаемадзеяння з асобнымі дзяржавамі, нягледзячы на іх блокавы статус”. У дакуменце ўтрымліваецца палажэнне аб “дэструктыўнай дзейнасці НАТО на прасторы СНД”, дадаў Вальфовіч.

Падчас працы, сказаў ён, былі ўлічаныя “ключавыя навэлы” Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі Беларусі, у прыватнасці абарона інстытута “традыцыйнай сям’і як саюза жанчыны і мужчыны паводле нараджэння”, пераадоленне дыспрапорцый рэгіянальнага развіцця, падвышэнне ўзроўню сацыяльнай адказнасці бізнес-супольнасці ды інш.

У падрыхтоўцы праекта, паводле слоў Вальфовіча, удзельнічалі прадстаўнікі “ўсіх зацікаўленых дзяржаўных органаў”, а таксама вядучыя навукоўцы і эксперты Беларусі і РФ.

Перамовы па падрыхтоўцы праекту дакумента пачаліся ў Маскве 30 кастрычніка 2023 гады.

25 чэрвеня 2024 года міністр замежных спраў РФ Сяргей Лаўроў на сустрэчы са спікерам Савета Рэспублікі Наталляй Качанавай у Мінску заявіў, што перад бакамі стаіць задача ўхваліць канцэпцыю і дагавор аб гарантыях бяспекі СД у снежні на Вышэйшым дзяржсавеце, калі будзе 25-годдзе Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы. “Гэта будзе моцны наступны крок, які працягвае дзейнасць Рэгіянальнай сумеснай групоўкі войскаў і размяшчэнне нестратэгічнай ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі”.

У выпадку агрэсіі супраць Беларусі Расія павінна абараняць яе як уласную тэрыторыю, заявіў Аляксандр Лукашэнка 10 красавіка 2023 года ў Мінску на сустрэчы з Шайгу, які тады займаў пасаду міністра абароны РФ.

Падзяліцца: