Мінск 05:16

Ціханоўская: Лукашэнка баіцца сумленных выбараў, бо прайграе, як у 2020-м

Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай

24 кастрычніка, Позірк. Рэжым Аляксандра Лукашэнкі “баіцца праводзіць сумленныя выбары, паколькі ведае, што пацерпіць паразу, як у 2020 годзе”, заявіла дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская, каментуючы прызначэнне прэзідэнцкіх выбараў на 26 студзеня 2025 года.

Палітык заклікала “не паддавацца на падман”, бо “сапраўдных выбараў у Беларусі быць не можа”. “Пакуль кожны дзень арыштоўваюць не менш за 10 чалавек, тысячы людзей сядзяць у турмах па палітычных матывах, няма магчымасці вылучаць незалежных кандыдатаў, няма свабоды СМІ і захоўваецца старая сістэма фальсіфікацый”, — сказала яна.

“Гэта будуць “бязвыбары”, проста імітацыя, у якой выбаршчыкі будуць толькі статыстамі. Прызначэнне даты выбараў у такіх умовах — фармальны крок, які не мае ніякага сэнсу. Якая розніца, у які дзень адбудзецца падман, калі вынікі будуць вядомыя загадзя?” — адзначыла дэмлідар.

Гаворачы аб сваіх паўнамоцтвах пасля 2025 года, Ціханоўская падкрэсліла, што ў яе ёсць “абавязак перад грамадзянамі Беларусі — правесці сапраўдныя і сумленныя выбары”.

“Сумленныя выбары патрэбныя не мне асабіста, яны патрэбныя Беларусі, для таго каб выйсці з крызісу. Я не змагаюся за ўладу, я змагаюся за тое, каб беларусы вярнулі сабе права выбару, каб гаспадаром сваёй краіны быў народ, а не чалавек, які лічыць сябе гаспадаром краіны і народа”, — падкрэсліла палітык.

“Нашай краіне патрэбныя сумленныя выбары, і я павіншую чалавека, які будзе на іх абраны”, — дадала Ціханоўская.

Выбары прэзідэнта на 26 студзеня 2025 года прызначыла Палата прадстаўнікоў 23 кастрычніка. У той жа дзень Аляксандр Лукашэнка паведаміў, што возьме ў іх удзел.

Дэмсілы ў сумеснай заяве, прымеркаванай да прызначэння даты прэзідэнцкіх выбараў, заклікалі галасаваць на іх “супраць усіх”. Адзначаецца, што галасаванне “супраць усіх” пакажа, што “беларускае грамадства па-ранейшаму супраць Лукашэнкі і патрабуе свабодных і сумленных выбараў”.

Падзяліцца: