Мінск 02:16

У вадаёмах Беларусі за тыдзень патанула чатыры чалавекі

Ілюстрацыйнае фота: МНС

28 кастрычніка, Позірк. Чацвёра мужчын патанула ў вадаёмах Беларусі за тыдзень (з 22 па 28 кастрычніка), вынікае з праведзенага “Позіркам” маніторынгу даных Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

Два чалавекі патанула ў Брэсцкай вобласці. 22 кастрычніка ў штучным вадаёме на тэрыторыі малочна-таварнай фермы ў аграгарадку Стрыгава (Кобрынскі раён) загінуў мужчына 1961 года нараджэння, 24-га ў меліярацыйным канале ў вёсцы Дружба Брэсцкага раёна знойдзенае цела мужчыны 1992 г.н.

23 кастрычніка з Снігянскага вадасховішча ў аграгарадку Залессе Смаргонскага раёна (Гродзенская вобласць) вынята цела мужчыны 1978 г.н.

27 кастрычніка пенсіянер 1950 г.н. патануў у рацэ Ула ў Чашніках (Віцебская вобласць).

Раней паведамлялася, што за 20 дзён кастрычніка ў вадзе загінула 12 чалавек.

На прэс-канферэнцыі ў Мінску 7 жніўня начальнік Цэнтра ўзаемадзеяння з грамадскасцю і СМІ МНС Максім Клачко заявіў, што з пачатку 2024 года ў вадаёмах Беларусі патанула 245 чалавек, з іх 17 — дзеці.

Падзяліцца: