Мінск 08:30

Мінэнерга: На раніцу панядзелка больш за 200 населеных пунктаў заставалася без электрычнасці

4 лістапада, Позірк. Паводле даных на 9 гадзін раніцы 4 лістапада працы па аднаўленні электразабеспячэння працягваліся ў 226 населеных пунктах, паведамляе Міністэрства энергетыкі.

Паводле звестак ведамства, электразабеспячэнне парушалася пераважна ў Віцебскай і Мінскай абласцях: “У большай ступені стыхіі зазналі Полацкі, Расонскі, Верхнядзвінскі, Ушацкі і Гарадоцкі раёны”.

У ліквідацыі наступстваў непагадзі задзейнічана 98 аварыйных брыгад і 105 адзінак тэхнікі.

Белгідрамет паведамляе, што 4 лістапада на большай частцы тэрыторыі краіны чакаецца ўзмацненне заходняга, паўночна-заходняга ветру парывамі 15-20 м/с (месцамі — 21-24 м/с).

“Складаныя ўмовы надвор’я сталі прычынай падзення дрэў на лініі электраперадачы, пашкоджанні апор”, — адзначаюць сіноптыкі.

З-за моцнага ветру парывамі да 24 м/c, які вызначаў надвор’е ў Беларусі 1–2 лістапада, зафіксаваны 73 выпадкі падзення дрэў у Брэсцкай (9), Віцебскай (10), Гомельскай (3), Гродзенскай (11), Мінскай (17) ), Магілёўскай (11) абласцях і Мінску (12), паведамляла МНС.

Паваленымі дрэвамі пашкоджана 12 аўтамабіляў — у Брэсцкай (2), Віцебскай (2), Магілёўскай (3) абласцях і Мінску (5). Таксама пашкоджаны 1 аўтамабільны прычэп-лецішча ў Мінскай вобласці. Сарваным металічным элементам абліцоўвання фасада шматкватэрнага жылога дома пашкоджаны 2 аўтамабілі на вул. Першамайскай у Калінкавічах (Гомельская вобласць). Пацярпелых няма.

Парушалася электразабеспячэнне 402 населеных пунктаў у Брэсцкай (7), Віцебскай (278), Гомельскай (32), Гродзенскай (20), Мінскай (53), Магілёўскай (12) абласцях, 34 сельскагаспадарчых будынкаў і 1.097 трансфарматарных падстанцый.

У ліпені гэтага года з-за ўрагану ў Беларусі загінула 7 чалавек.

Падзяліцца: