Мінск 20:34

Генштаб: НАТО рыхтуецца да адкрытага ўзброенага супрацьстаяння з Беларуссю і Расіяй

Фота: Мінабароны

5 лістапада, Позірк. “Калектыўны Захад” узмацняе прысутнасць на ўсходніх межах “кааліцыйных войскаў”, якія “здольныя наносіць высокадакладныя ўдары па аб’ектах на тэрыторыі Беларусі і заходніх рэгіёнаў Расіі”, заявіў дзяржвыданню “У славу Радзімы” начальнік галоўнага ўпраўлення — намеснік начальніка Генеральнага штаба Узброеных сіл Уладзімір Купрыянюк.

Паводле яго слоў, “у непасрэднай блізкасці ад беларускай мяжы” сканцэнтравана таксама “значная групоўка ўкраінскай арміі колькасцю каля 15 тыс. чалавек”, у памежных абласцях Украінай “выбудаваная і пастаянна ўдасканальваецца сістэма абарончых рубяжоў, раёнаў і пазіцый”, не спыняецца “вядзенне выведкі ўсіх відаў”, а супраць супрацоўнікаў беларускіх сілавых ведамстваў “сістэматычна ажыццяўляюцца правакацыйныя і дэманстратыўныя дзеянні”.

“Збеглая апазіцыя, якая курыруецца Захадам”, як адзначае Купрыянюк, “не змірылася і па-ранейшаму працягвае падрыхтоўку да звяржэння дзеючай улады, не выключаецца і сілавы сцэнарый”.

“У сумежных з Рэспублікай Беларусь краінах працягваецца падрыхтоўка так званай беларускай добраахвотніцкай арміі, аснову якой павінен скласці полк імя Каліноўскага”, — заяўляе намеснік начальніка Генштаба.

Паводле яго сцвярджэння, “калектыўны Захад прыйшоў да ўсведамлення сваёй няздольнасці ажыццявіць дзяржаўны пераварот ні ў Беларусі, ні ў Расіі”, таму НАТО цяпер “фактычна рыхтуецца да адкрытага ўзброенага супрацьстаяння з Рэспублікай Беларусь і Расійскай Федэрацыяй”.

Баявыя дзеянні ва Украіне Купрыянюк пры гэтым называе “проксі-вайной”, якая “здольная справакаваць не толькі ўзброены канфлікт рэгіянальнага ўзроўню, але і буйнамаштабную вайну”.

“Гібрыдная агрэсія Захаду супраць беларускай дзяржавы”, паводле яго слоў, накіраваная на фарміраванне “спрыяльных умоў для сілавога звяржэння дзейнай улады — дзяржаўнага перавароту”.

У цэлым, заяўляе военачальнік, “у бліжэйшай перспектыве ваенна-палітычнае становішча вакол Рэспублікі Беларусь захавае павышаную напружанасць”.

“Дэструктыўныя дзеянні, накіраваныя на нагнятанне пратэстнага патэнцыялу ў грамадстве, якія пачаліся пасля афіцыйнага абвяшчэння даты выбараў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, будуць нарастаць, чым бліжэй да галоўнай электаральнай кампаніі 2025 года — тым больш”, — сказаў ён.

24 лютага 2022 года Расія пачала поўнамаштабную вайсковую агрэсію супраць Украіны, якая была падтрыманая ўладамі ў Мінску. З пачатку ўварвання, а таксама ў асобныя перыяды пазней, тэрыторыя Беларусі актыўна выкарыстоўвалася расійскай арміяй для нанясення ўдараў па Украіне.

21 ліпеня 2022 года ў інтэрв’ю французскаму інфармацыйнаму агенцтву “Франс Прэс” Лукашэнка прызнаў, што з Беларусі ва Украіну была ўведзеная 20-тысячная групоўка расійскіх войскаў. Пасля паўночныя тэрыторыі былі вызваленыя.

11 красавіка 2023 года першы намеснік міністра абароны Украіны Аляксандр Паўлюк заявіў, што ў пачатку вайны 70 тыс. вайскоўцаў 35-й агульнавайсковай арміі РФ на 7 тыс. бронемашынах “з беларускай мяжы ўварваліся” на тэрыторыю Кіеўскай вобласці.

23 кастрычніка 2024 года Лукашэнка заявіў у інтэрв’ю BBC, што Беларусь не давала РФ тэрыторыю для нападу на Украіну.

“У нас [у лютым 2022 года] былі вучэнні, на якіх было задзейнічана некалькі тысяч чалавек расійскіх войскаў. Гэтыя войскі былі ў асноўным з Усходняй акругі, і [прэзідэнт РФ Уладзімір] Пуцін пачаў выводзіць гэтыя войскі з Беларусі. Яны былі на поўдні [Беларусі], і па гэтай дарозе, міма мяжы з Украінай, ён пачаў вывад войскаў”, — сказаў Лукашэнка.

“Частку войскаў у нейкі перыяд (справакавалі, я ў гэтым перакананы) ён (Пуцін. — “Позірк”.) завярнуў на Кіеў. Чаму так адбылося? Спытайце ў Зяленскага”, — дадаў Лукашэнка.

У тым ліку за саўдзел у расійскай агрэсіі заходнія краіны ўвялі санкцыі супраць прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі і многіх прадпрыемстваў краіны. Блок НАТО пачаў нарошчваць сваю групоўку ў геаграфічна набліжаных да Беларусі і РФ краінах таксама пасля пачатку вайны.

Падзяліцца: