Мінск 09:28

Белстат: Чысты прыбытак рэзідэнтаў СЭЗ за год павялічыўся на 62%

14 лістапада, Позірк. Агульны чысты прыбытак рэзідэнтаў свабодных эканамічных зон (СЭЗ) Беларусі за студзень — верасень 2024 года склаў 2 млрд 644,1 млн рублёў — на 61,8% больш да студзеня — верасня 2023-га (1 млрд 634,6 млн), сведчаць звесткі Нацыянальнага статыстычнага камітэта.

Прыбытак нарасцілі пяць з шасці СЭЗ: “Магілёў” — 367,7 млн рублёў (у 2,9 разы), “Гомель-Ратон” — 373,2 млн рублёў (у 2,2 разы), “Мінск” — 1 млрд 43,3 млн (у 2 разы), “Віцебск” — да 253,5 млн (+97,7%) і “Брэст” — да 422,2 млн рублёў (+28,2%).

“Гродна-Інвест” па выніках дзевяці месяцаў зарабіла 184,2 млн рублёў (-49,9%).

На 1 кастрычніка 2024 года ў свабодных эканамічных зонах Беларусі было 438 рэзідэнтаў (+18), у якіх працавала 136.664 чалавекі (+0,1%).

Сальда замежнага гандлю таварамі за год павялічылася да 3 млрд 274,3 млн долараў (+22,7%), паслугамі — зменшылася да 22 млрд 245,3 млн (скарацілася на 13,1%).

Агульны чысты прыбытак рэзідэнтаў за 2023 год склаў 2 млрд 4 млн рублёў, скараціўшыся на 10,8% да 2022-га (2 млрд 246,2 млн): “Мінск” — 875,7 млн рублёў (+20,2%), “Віцебск” — 250,9 млн (+79%), “Брэст” — 445,6 млн рублёў (-7,6%), “Гродна-Інвест” — 413,1 млн (-24,1%), “Магілёў” — 120,4 млн (-36,6%); “Гомель-Ратон” — страта на 101,7 млн (быў прыбытак у памеры 161 млн).

Падзяліцца: