Мінск 16:23

Ціханоўская заклікала ПА НАТО не баяцца змены рэжыму ў Беларусі

Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

24 лістапада, Позірк. Не баяцца змены рэжыму ў Беларусі заклікала Святлана Ціханоўская на штогадовай сесіі Парламенцкай асамблеі НАТО ў Манрэалі 23 лістапада.

“Дыктатары не спыняцца, пакуль мы іх не спынім. Іх немагчыма ўлагодзіць або перавыхаваць. Без змены рэжыму нічога не зменіцца. Палітвязні не будуць вызваленыя. Ваенныя правакацыі не спыняцца. А Лукашэнка застанецца неразлучным сябрам Пуціна, падрываючы бяспеку ўсіх нас”, — заявіла дэмакратычны лідар.

На яе думку, дыктатура больш крохкая, чым здаецца. “Нягледзячы на ўвесь тэрор і прапаганду, беларусы не здаюцца. Наш супраціў працягваецца, але сышоў у падполле. Перамены ў Беларусі больш верагодныя, чым многія могуць падумаць. І мы павінны быць да іх гатовыя. Мы павінны зрабіць усё магчымае, каб вывесці Беларусь з-пад уплыву Расеі і накіраваць яе да дэмакратыі”, — заклікала Ціханоўская.

Яна падкрэсліла, што падтрымка дэмакратыі — “гэта не дабрачыннасць, гэта інвестыцыі”. “Дапамагаць беларускім дэмакратычным сілам значыць дапамагаць не толькі нам. Гэта робіць Еўропу мацнейшай і больш бяспечнай. Свабодная Беларусь ліквідавала б крытычную прабоіну у абароне Еўропы. Яна перастала б быць плацдармам для расійскай агрэсіі. Яна стала б партнёрам, а не пагрозай”, — сказала дэмлідар.

Ціханоўская заклікала разглядаць дэмакратычныя сілы як партнёраў і саюзнікаў у пабудове больш бяспечнай Еўропы для ўсіх, фармалізаваць адносіны з парламентамі краін — членаў НАТО, далучацца да парламенцкіх груп за дэмакратычную Беларусь.

“Адрознівайце прыгнятальнікаў ад прыгнечаных. Ізалюючы дыктатараў, мы не павінны ізаляваць людзей. Мы не павінны дапусціць з’яўлення новай жалезнай заслоны ў цэнтры Еўропы. Трымайце дзверы адчыненымі для беларусаў. Дайце ім візы, стыпендыі, абмены і, нарэшце, бяспечны прытулак. Працягніце людзям руку дапамогі. Але не працягвайце яе Лукашэнку. Нам не трэба ратаваць яго ад Пуціна. Нам трэба выратаваць Беларусь ад іх абодвух”, — звярнулася Ціханоўская да ПА НАТО.

Яна прапанавала “адправіць дыктатара ў Гаагу”, а не прызнаваць прызначаныя на студзень прэзідэнцкія выбары, падтрымаць пазоў Літвы ў Міжнародны крымінальны суд супраць беларускага рэжыму, прызнаць КДБ і ГУБАЗіК МУС арганізацыямі, якія падтрымліваюць тэрарызм, як гэта зрабіў Сенат Чэхіі.

Падзяліцца: