Мінск 10:54

Старшыня КДК паскардзіўся на малыя заробкі маладых вучоных

Фота: nasb.gov.by

3 снежня, Позірк. У Беларусі “аслаблены напрамкі падрыхтоўкі навуковых кадраў”, заявіў 3 снежня старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю (КДК) Васіль Герасімаў на сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з узначаленай Герасімавым рабочай групай па аналізе дзейнасці Нацыянальнай акадэміі навук.

Паводле яго слоў, якія перадаюць дзяржСМІ, у арганізацыях НАН толькі траціна даследчыкаў маюць вучоныя ступені. Колькасць навучэнцаў у аспірантуры і дактарантуры па краіне за тры гады зменшылася на 10%, дадаў Герасімаў.

“Няма матэрыяльнай зацікаўленасці пасля заканчэння аспірантуры працаваць па профілі. Напрыклад, стыпендыя аспіранта складае тысячу рублёў, і ён можа зарабіць палову стаўкі малодшага навуковага супрацоўніка. Скончыўшы навучанне, трэба перайсці на поўную стаўку, дзе зарплата складае 800–900 рублёў”, — сказаў старшыня КДК.

Сярод іншых праблем дзейнасці НАН ён адзначыў адсутнасць адзінай стратэгіі фарміравання навуковых праграм, размеркаванне ёй бюджэтнага фінансавання пераважна на праграмы, якія не патрабуюць камерцыялізацыі, а таксама розныя падыходы да ацэнкі вынікаў навуковых праграм.

Як і раней Лукашэнка на той жа сустрэчы, Герасімаў падкрэсліў, што “Акадэмія навук у адной асобе выступае і заказчыкам, і выканаўцам навуковых праграм”: “Пры гэтым яна сама ацэньвае ідэі, прычым па розных падыходах. Адсюль вялікая колькасць распрацовак, якія проста пыляцца на паліцах”.

Паводле чыноўніка, “з больш чым 250 відаў прадукцыі, вырабленай арганізацыямі Акадэміі ў 2023 годзе, толькі 20 (або 8%) змаглі замясціць імпарт”. Арганізацыйная структура НАН, на думку чыноўніка, “грувасткая і не адпавядае галіновай структуры эканомікі”.

Лукашэнка распарадзіўся стварыць рабочую групу па аналізе дзейнасці НАН 18 чэрвеня. У яе ўключана 14 чалавек.

Першае пасяджэнне пад старшынствам Герасімава адбылося 25 чэрвеня. У ім удзельнічалі намеснік старшыні Усебеларускага народнага сходу Аляксандр Касінец, член-карэспандэнт НАН Міхаіл Мясніковіч, старшыня прэзідыума Акадэміі навук Уладзімір Гусакоў, а таксама прадстаўнікі міністэрстваў і ведамстваў і іншыя.

Група павінна вывучаць пытанні практыкаарыентаванасці і выніковасці навуковых даследаванняў і распрацовак вучоных, іх укаранення ў эканоміку і сацыяльную сферу; імпартазамяшчэння; экспарту навукова-тэхнічнай прадукцыі.

30 ліпеня Лукашэнка растлумачыў рашэнне стварыць гэтую групу тым, што НАН у апошні час “допускала сур’ёзныя пралікі”.

Падзяліцца: