Мінск 07:17

Беларусь тры месяцы запар не з’яўляецца лідарам у ЕАЭС па дынаміцы сельгасвытворчасці

6 снежня, Позірк. Па выніках студзеня — кастрычніка 2024 года Беларусь зноў заняла трэцяе месца ў Еўразійскім эканамічным саюзе (ЕАЭС) па дынаміцы вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі ў гадавым вымярэнні (да аналагічнага перыяду 2023-га), сведчыць праведзенае “Позіркам” параўнанне даных дэпартамента статыстыкі Еўразійскай эканамічнай камісіі (ЕЭК).

Беларусь лідзіравала ў ЕАЭС па гэтым паказчыку ў студзені (+4,3%), студзені — лютым (+6,9%), студзені — сакавіку (+6,8%), студзені — красавіку (+6,9%), студзені — траўні (+8,1%), студзені — чэрвені (+10,2%), студзені — ліпені (+18,1%); у студзені — жніўні была другой (+10,2%); студзені — верасні — трэцяй (+5,1%).

За дзесяць месяцаў у цэлым па саюзе зафіксавана зніжэнне на 0,9%. Агульны паказчык выйшаў адмоўным за кошт падзення на 3,8% у Расіі. У астатніх дзяржавах адзначаны рост: у Казахстане — на 12,7%, Кыргызстане — на 6,1%, Беларусі — на 3,2%. Даныя па Арменіі публікуюцца адзін раз у тры месяцы (за тры кварталы рост сельгасвытворчасці ў гэтай краіне склаў 2%).

Аб’ём вытворчасці жывёлы і птушкі на забой (у жывой вазе) у ЕАЭС павялічыўся на 3,4%: у Беларусі — на 6,4% (1 млн 499,6 тыс. т), Казахстане — на 3,7% (1 млн 501 тыс. т), Расіі — на 3,1% (13 млн 400,1 тыс. т), Кыргызстане — на 2,1% (366,9 тыс. т); у Арменіі (тут і далей за студзень — верасень) — на 8% (69,2 тыс. т).

Тэмпы прыросту вытворчасці малака ў ЕАЭС склалі 1,7%: у Беларусі-5,3% (7 млн 344,5 тыс. т), Казахстане — 4,2% (3 млн 91,7 тыс. т), Кыргызстане — 2,4% (1 млн 577,6 тыс. т), Расіі — 0,6% (28 млн 855,8 тыс. т); у Арменіі — зніжэнне на 3,2% (493,7 тыс. т).

У вытворчасці яек за 12 месяцаў сітуацыя не змянілася: у Кыргызстане, Беларусі і Казахстане яна вырасла на 14,8% (679,7 млн шт.), 10,1% (3 млрд 124,4 млн) і 0,9% (3 млрд 734,5 млн) адпаведна; у Расіі — знізілася на 1% (38 млрд 884,3 млн); у Арменіі зменшылася на 3,8% (587,6 млн).

Па выніках мінулага года, сельгасвытворчасць у Беларусі вырасла на 3,6% (4‑е месца ў ЕАЭС), цэны на адпаведную прадукцыю — на 24,1% (1‑е месца ў саюзе, адрыў ад Арменіі, якая заняла другую пазіцыю, склаў амаль 10 працэнтных пунктаў).

Паводле даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта, у 2023 годзе агульная пасяўная плошча сельскагаспадарчых культур у Беларусі (у гаспадарках усіх катэгорый) склала 5.756 тыс. га.

Было намалочана збожжа (у вазе пасля дапрацоўкі) 7,7 млн т, накапана бульбы 4 млн т, валавы збор буракоў цукровых склаў 4,8 млн т, іншай гародніны — 2,8 млн т, выраблена льновалакна 37,2 тыс. т.

Падзяліцца: