Мінск 23:16

Не менш за 176 дзеячаў культуры знаходзяцца ў месцах пазбаўлення або абмежавання волі — Беларускі ПЭН

Крыніца: penbelarus.org

8 снежня, Позірк. У месцах пазбаўлення або абмежавання волі на 30 лістапада 2024 года знаходзілася не менш за 176 дзеячаў культуры, не менш за 39 з іх — “людзі слова”, гаворыцца ў аглядзе Беларускага ПЭНа.

Прадстаўленая статыстыка ўключае асуджаных паводле палітычных матываў да абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

Агляд ахоплівае факты палітычных рэпрэсій за 15–30 лістапада. У ім згадваецца пра пачатак судовага працэсу над музыкам і архітэктарам Аляксеем Сіленкам, прыгавор паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх) у дачыненні да былога супрацоўніка Веткаўскага музея стараверства і беларускіх традыцый (Гомельская вобласць) Аляксандра Нікіціна (тэрмін і від пакарання невядомыя), новую крымінальную справу паводле ч. 1 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі) журналіста, блогера і эсэіста Ігара Карнея.

“Пацвердзілася інфармацыя, што мастакі Людміла Шчамялёва і Ігар Рымашэўскі, арыштаваныя па палітычна матываванай справе, знаходзяцца ў СІЗА”, — адзначае ПЭН.

У аглядзе таксама гаворыцца пра змяшчэнне ў памяшканне камернага тыпу калоніі № 1 Наваполацка (Віцебская вобласць) журналіста Анджэя Пачобута.

Прыводзяцца і іншыя факты рэпрэсій за названы перыяд.

Акрамя гэтага, паведамляецца, што пазбаўлены месца для рэпетыцый пластычны тэатр “ІнЖэст”, заснаваны ў 1980 годзе студэнтамі Інстытута культуры (цяпер Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў). Падкрэсліваецца, што з восені 2021 года тэатр не меў магчымасці выступаць у Беларусі.

ПЭН звяртае ўвагу, што Міністэрства інфармацыі склала “спіс друкаваных выданняў, якія змяшчаюць інфармацыйныя паведамленні і (або) матэрыялы, распаўсюд якіх здольны нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь”.

“16 лістапада стала вядома, што з інтэрнэт-крамаў пачалі знікаць кнігі з ЛГБТК+ персанажамі. Сталі недаступныя кнігі “Маленькае жыццё” і “Людзі сярод дрэў” Ханьі Янагіхары. Таксама зніклі “Песня Ахіла” Мадлен Мілер і “Пакой Джавані” Джэймса Болдуіна. Заканадаўчай забароны на такія кнігі ў Беларусі няма”, — адзначаецца ў аглядзе.

Аляксандр Лукашэнка 2 снежня прызначыў міністрам культуры акцёра Руслана Чарнецкага, які да гэтага з’яўляўся дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. Яго папярэднік на міністэрскай пасадзе Анатоль Маркевіч заявіў 13 кастрычніка аб выкараненні ў галіне “дэструктыўных элементаў”.

Пасля масавых пратэстаў, якія сталі рэакцыяй на сфальсіфікаваныя прэзідэнцкія выбары 2020 года і гвалт з боку сілавікоў, сярод іншых пад рэпрэсіі трапіла вялікая колькасць дзеячаў культуры. Многія звольніліся ў знак пратэсту, былі вымушаныя пакінуць краіну. Адзін з найбольш паказальных прыкладаў — трупа Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра ім. Янкі Купалы, большасць якой падтрымала прыхільнікаў пераменаў.

Паводле звестак беларускага ПЭНа, за 2023 год было зафіксавана 1.097 парушэнняў у дачыненні да 605 дзеячаў культуры.

Падзяліцца: