Мінск 00:58

Майстра “Беларуськалія” асудзілі на 2,5 года пазбаўлення волі за леташняе надзвычайнае здарэнне з пяццю пацярпелымі

Скрыншот: архіўны відэаматэрыял СК

11 снежня, Позірк. Майстар пад’ёму рудніка прадпрыемства “Беларуськалій” (Мінская вобласць) асуджаны на 2,5 года пазбаўлення волі ў калоніі — ва ўмовах паселішча — па справе аб “парушэнні правіл горных работ, якія прывялі да траўмавання пецярых работнікаў і шкоды прадпрыемству ў буйным памеры”. Вырак 4 снежня вынес суд Салігорскага раёна, паведамляе прэс-служба Вярхоўнага суда.

Мужчына таксама на 5 гадоў пазбаўлены права займаць “пасады, звязаныя з ажыццяўленнем кантролю за выкананнем правіл і норм па ахове працы”.

Першапачаткова работнік прадпрыемства абвінавачваўся паводле ч. 3 арт. 426 КК (перавышэнне службовых паўнамоцтваў, здзейсненае з іншай асабістай зацікаўленасці, якое пацягнула цяжкія наступствы) Аднак пракурор папрасіў перакваліфікаваць абвінавачанне на ч. 1 арт. 303 (парушэнне правіл эксплуатацыі машын і механізмаў пры вытворчасці горных работ, якое пацягнула з неасцярожнасці прычыненне цяжкага, менш цяжкага цялеснага пашкоджання, шкоды ў буйным памеры). Суд хадайніцтва падтрымаў.

Паводле даных следства, 3 лістапада 2023 года, абвінавачаны, “дакладна ведаючы пра спыненне клецяў з пяццю работнікамі прадпрыемства, якія знаходзяцца ў адной з іх, не высветліўшы прычыну адхілення шахтавай пад’ёмнай машыны”, не паведаміў кіраўніцтву і дыспетчару пра немагчымасць ліквідацыі няспраўнасці. Жадаючы “самастойна і хутка вызваліць работнікаў, якім аварыйная сітуацыя не пагражала”, ён “асабіста даў загад падначаленым яму электраслесару і машыністу пад’ёмнай машыны адключыць сістэмы бяспекі тармажэння і ўтрыманні клетак у пад’ёмнай машыне”.

З гэтай прычыны “адбылася растармажэнне і падзенне клеці”. У выніку пяцёра працоўных атрымалі цяжкія і менш цяжкія цялесныя пашкоджанні і прадпрыемству “нанесеная шкода на агульную суму 45.912,87 рубля, што склала 1.240,89 базавых велічынь”.

З “Беларуськалія” ў лік кампенсацыі маральнай шкоды пацярпелым спагнана ў агульнай складанасці 250.000 рублёў. Іскавыя патрабаванні кампаніі аб спагнанні з абвінавачанага маёмаснай шкоды “перададзеныя на разгляд у парадку грамадзянскага судаводства”.

Прыгавор не набыў моц і можа быць абскарджаны і апратэставаны.

Пра тое, што ў здарэнні, у выніку якога на 2-м рудаўпраўленні прадпрыемства пацярпела пяць работнікаў рамонтнай брыгады электраслесараў, абвінавачаны майстар прадпрыемства, Следчы камітэт паведамляў у верасні.

Падзяліцца: