Мінск 23:26

Улады Беларусі хочуць заняцца ў Амане вытворчасцю прадуктаў харчавання

15 снежня, Позірк. Пытанні супрацоўніцтва ў сферы “харчовай бяспекі” абмеркавалі на сустрэчы ў Маскаце міністр сельскай гаспадаркі, рыбалоўства і водных рэсурсаў Амана Сауд бен Хамуд аль Хабсі і міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Анатоль Ліневіч.

Як паведамляе аманскае інфармагенцтва ONA, бакі надалі ўвагу “рэалізацыі сумесных праектаў па вытворчасці прадуктаў харчавання” ў Амане.

Таксама абмяркоўваліся “абмен досведам і візітамі”, “выкарыстанне досведу Беларусі ў развіцці сельскай гаспадаркі, рыбалоўства і воднай гаспадаркі”.

Аляксандр Лукашэнка 14 снежня прыбыў у Аман з рабочым візітам. 15 снежня ён правёў перамовы з султанам Амана Хайсамам бен Тарэкам аль Саідам, абмеркаваўшы з ім “стан і перспектывы развіцця адносін”.

Паводле даных Міністэрства замежных спраў, у 2021 годзе тавараабарот паміж Беларуссю і Аманам складаў 1,5 млн долараў (беларускі экспарт — 0,9 млн). У аснове паставак з Беларусі тады ляжалі калійныя ўгнаенні і прадукты харчавання. Актуальнай інфармацыі на сайце МЗС не прадстаўлена.

Падзяліцца: