Мінск 16:17

3.900 фур чакаюць уезду ў Еўрасаюз

Ілюстрацыйнае фота: Дзяржаўны мытны камітэт

18 снежня, Позірк. Па стане на 10 гадзін раніцы 18 снежня 3.900 фур чакаюць ўезду ў Еўрасаюз, паведамляе Дзяржаўны пагранічны камітэт (ДПК).

Самым загружаным застаецца маршрут у Польшчу праз пункт пропуску Кукурыкі (Казловічы) — 2.050 грузавікоў. За суткі супрацоўнікі польскага памежнага пераходу прапусцілі 51% велікагрузаў ад нормы, падкрэслівае ДПК.

На другім месцы па колькасці грузавікоў у чарзе — 730 — маршрут праз латвійскі пункт пропуску Патэрніекі (Грыгароўшчына). За 24 гадзіны сумежны бок прыняў на сваю тэрыторыю 35% фур.

Уезду ў Літву перад пунктамі пропуску Мядзінінкай (Каменны Лог) і Шальчынінкай (Беняконі) чакаюць 1.120 грузавікоў. Кантрольныя службы Мядзініка аформілі 13% фур, якія ідуць у ЕС.

Чарга легкавога транспарту фіксуецца толькі перад польскім Цярэспалем (Брэст) — 80 транспартных сродкаў. За 24 гадзіны Польшча прыняла 35% аўтамабіляў.

На гэтым памежным пункце ў чарзе два аўтобусы. У жніўні колькасць аўтобусаў у чарзе перад пунктам пропуску Цярэспаль (Брэст) даходзіла да 108.

8 жніўня 2023 года Літва закрыла пункты пропуску Шумскас (Лоша) і Твярачус (Відзы), 1 сакавіка 2024-га — Лаварышкес (Катлоўка) і Райгардас (Прывалка). На мяжы з Беларуссю працягваюць працаваць два пагранічныя пераходы — Мядзінінкай і Шальчынінкай.

Пасля вынясення палітычна матываванага прысуду журналісту, актывісту неафіцыйнага Саюза палякаў Беларусі Анджэю Пачобуту (8 гадоў пазбаўлення волі) 10 лютага 2023 года Польшча на нявызначаны тэрмін закрыла адзін з двух даступных для падарожнікаў пунктаў пропуску — Баброўнікі (Бераставіца).

19 верасня 2023 года праз узрослы паток нелегальных мігрантаў з боку Беларусі Латвія на нявызначаны тэрмін закрыла і забарыкадавала пункт пропуску Сілене (Урбаны).

Падзяліцца: