Мінск 18:17

Ціханоўская — палітэмігрантам: Прыйдзе дзень з чэргамі на мяжы і святам вяртання ў Беларусь

Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай

18 снежня, Позірк. “Мы змагаемся не толькі за свабоду, але і за будучыню нашых дзяцей, за Беларусь, якую любім”, — заявіла дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская 18 снежня з нагоды Міжнароднага дня мігранта.

Палітык звярнула ўвагу на свой асабісты статус палітычнай эмігранткі, адзначыўшы, “як складана прызвычаіцца да жыцця ў чужой краіне, як балюча праводзіць кожны дзень без магчымасці абняць родных і вярнуцца дадому”.

“Мне часта сніцца Беларусь, — падкрэсліла Ціханоўская. — Часам гэтыя мроі жахлівыя, як і для многіх беларусаў, таму што звязаныя з пераследам, турмой і катаваннямі. Але гэта адзіная магчымасць убачыць дарагое майму сэрцу: родную вёску, маю бабулю, клуб, дзе мы пазнаёміліся з Сяргеем [Ціханоўскім]. У такія моманты мне не хочацца прачынацца. Але потым я прачынаюся, бачу сваіх дзетак і разумею, для каго і за што мы змагаемся”.

Яна заявіла аб жаданні “падтрымаць усіх тых, хто застаўся без радзімы з-за рэпрэсій і барацьбы супраць дыктатуры”.

“Але кожны дзень мы з вамі робім маленькія крокі, каб вярнуць сабе Беларусь і вярнуцца ў родны дом. І я ўпэўнена: наступіць момант з чэргамі на мяжы і святам вяртання ў наш край”, — адзначыла палітык.

Паводле розных ацэнак, Беларусь з 2020 года пакінулі 300–500 тыс. чалавек.

Усіх, хто вымушана пакінуў Беларусь, Аб’яднаны пераходны кабінет (АПК) лічыць ахвярамі злачынства дэпартацыі, злачынства супраць чалавецтва, заявіў намеснік кіраўніка АПК, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ) Павел Латушка 2 снежня ў Гаазе на дыскусіі “Беларуская сітуацыя ў МУС: юрысдыкцыя МУС і неабходнасць падтрымкі дзяржаў-удзельніц”.

Пры гэтым улады “не спыніліся на высылцы часткі насельніцтва за межы Беларусі, яны працягвалі пераследаваць беларусаў за мяжой”. Паводле слоў Латушкі, беларусы, якія знаходзяцца ў выгнанні, падвяргаюцца запалохванню і пагрозам гвалту; ціску, уключаючы крымінальны пераслед сваякоў і сяброў; судоваму пераследу праз палітычна матываваныя крымінальныя справы, завочныя судовыя працэсы без належнай прававой працэдуры, арышт і канфіскацыю маёмасці.

Гэтыя дзеянні і іншыя, паводле слоў намесніка кіраўніка АПК, “у сукупнасці ўяўляюць сабой злачынства супраць чалавечнасці — пераслед, учынены экстэрытарыяльна высокапастаўленымі чыноўнікамі рэжыму супраць беларусаў у выгнанні”.

Міжнародны дзень мігранта адзначаецца штогод 18 снежня. У гэты дзень у 1990 годзе Генеральная Асамблея ААН прыняла Міжнародную канвенцыю аб абароне правоў усіх працоўных-мігрантаў і членаў іх сем’яў. Рашэнне аб заснаванні свята было прынята ў 2000 годзе Генасамблеяй ААН у сувязі з тым, што за папярэднія гады колькасць мігрантаў ва ўсім свеце значна ўзрасла.

Падзяліцца: