Мінск 21:21

Латушка: Польшча працягне адстойваць стратэгію санкцыйнага ціску на Лукашэнку

Фота: тэлеграм-канал Паўла Латушкі

18 снежня, Позірк. Пазіцыя МЗС Польшчы адносна рэжыму Аляксандра Лукашэнкі застаецца “нязменнай і цвёрдай”, заявіў намеснік старшыні Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК), кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ) Павел Латушка па выніках сустрэчы 18 снежня з першым намеснікам міністра замежных спраў гэтай краіны Анджэем Шэйнам.

Са спасылкай на словы Шэйны Латушка паведаміў, што падчас старшынства Польшчы ў ЕС Варшава “працягне адстойваць падыход па санкцыйным ціску на рэжым Лукашэнкі”.

Адзначаецца, што на сустрэчы намеснік старшыні АПК перадаў прадстаўніку МЗС Польшчы “памятную запіску”, падрыхтаваную НАУ на аснове даных беларускіх праваабарончых арганізацый. У ёй “адлюстраваны маштаб палітычных рэпрэсій, якія працягваюць узмацняцца ў Беларусі на фоне маючай адбыцца спробы Лукашэнкі пераназначыцца на ўзурпаваную ім пасаду прэзідэнта”.

Латушка звярнуў увагу, што “фактычна ў Беларусі рэалізуецца падыход часоў сталінізму — рэпрэсіі тычацца цэлых сем’яў”.

Шэйна ў сваю чаргу падкрэсліў, што прызначэнне Адама Галаціньскага спецыяльным прадстаўніком міністра замежных спраў па сувязях з дэмакратычнымі сіламі Беларусі з’яўляецца “важным сігналам аб прыярытэтнасці падтрымкі беларускіх дэмакратычных сілаў”.

Паводле слоў польскага дыпламата, “няма падстаў чакаць дэмакратычных і празрыстых выбараў” у Беларусі, паколькі Лукашэнка “працягвае палітыку рэпрэсій”.

Як адзначыў Латушка, у ходзе перамоваў таксама былі абмеркаваныя “падыходы па вызваленні палітычных зняволеных” і “варыянты міжнароднага пасярэдніцтва”.

Акрамя таго, палітык акцэнтаваў увагу на зацікаўленасці дэмсіл у тым, каб “падчас магчымых перамоў па Украіне тэма Беларусі не засталася за дужкамі”.

Падзяліцца: