Мінск 14:09

Латушка: Колькасць пагроз на адрас супрацоўнікаў НАУ вымяраецца дзясяткамі

Павел Латушка
Крыніца: тэлеграм-канал Паўла Латушкі

20 снежня, Позірк. Намеснік старшыні Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК), кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ) Павел Латушка 20 снежня “на запрашэнне пракурора акружной пракуратуры Варшавы даў паказанні ў якасці сведкі па фактах, звязаных з пагрозамі жыццю і здароўю, якія ствараюць прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі як у дачыненні да кіраўніка, так і супрацоўнікаў каманды НАУ”.

“Гэтыя пагрозы, якія вымяраюцца дзясяткамі, ажыццяўляюцца ў розны спосаб, публічнага і непублічнага характара. Пагрозы выказваюцца не толькі ў Польшчы, але і на тэрыторыях іншых краін-членаў ЕС”, — паведаміў палітык. Паводле яго слоў, з верасня колькасць пагроз значна павялічылася.

Кіраўнік НАУ паведаміў, што “падчас сустрэчы на запыт пракурора былі прадстаўленыя адпаведныя матэрыялы і доказы”.

“Мы ўдзячныя польскаму боку за правядзенне следчых дзеянняў, накіраваных на выяўленне асоб, якія пагражаюць жыццю і здароўю прадстаўнікоў беларускіх дэмакратычных сіл, якія працягваюць змагацца за свабоду і дэмакратыю ў Беларусі”, — заявіў Латушка.

14 лістапада палітык даў паказанні ў якасці пацярпелага па крымінальнай справе аб падбухторванні да забойства ў Дэпартаменце па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй Нацыянальнай пракуратуры Польшчы (Лодзь). Запрашэнне накіраваў пракурор, які ажыццяўляе нагляд за расследаваннем справы.

“Кіраўнік НАУ надаў дадатковую інфармацыю і адказаў на пытанні пракурора ў сувязі з высвятленнем новых абставін па крымінальнай справе. Нацыянальная пракуратура Польшчы працягвае расследаванне, тэрмін якога працягнуты да 24 студзеня 2025 года”, — адзначалася тады ў паведамленні.

Да гэтага паказанні па справе Латушка даў 24 ліпеня.

Як тады паведамляла прэс-служба палітыка, расследаванне вядзецца па злачынствах, прадугледжаных арт. 18, 148 і 130 Крымінальнага кодэкса Польшчы “аб падбухторванні ўстаноўленай асобы да забойства, якое здзяйснялася асобай, датычнай да дзейнасці замежнай разведкі супраць Рэспублікі Польшча”.

“Падчас дачы паказанняў мною таксама былі перададзеныя некалькі пакетаў матэрыялаў з пагрозамі як на мой адрас, так і ў дачыненні да прадстаўнікоў дэмакратычных сіл Беларусі, якія працягваюць весці барацьбу супраць рэжыму Лукашэнкі”, — сказаў Латушка.

У палітыка ўзялі абавязак захоўваць таямніцу следства, што “з’яўляецца вельмі важным на гэтым этапе следчых дзеянняў, каб не перашкодзіць расследаванню і не правакаваць дадатковых пагроз у адрас пацярпелага”, гаварылася ў рэлізе.

Паведамлялася, што следства вядзе Агенцтва ўнутранай бяспекі пад наглядам пракурора Нацыянальнай пракуратуры аддзела Дэпартамента па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю ў Лодзі.

Інфармацыя аб расследаванні з’явілася 19 ліпеня. Як стала вядома “Позірку”, справа распачатая паводле артыкулаў аб “падбухторванні да забойства” і “дзейнасці замежных спецслужбаў”.

“Паводле неафіцыйнай інфармацыі з сілавых структур Польшчы, якой я валодаю, з пачатку года было прадухілена дзве пагрозы ў мой адрас на польскай тэрыторыі”, — заявіў тады ў каментары “Позірку” Латушка.

“Аапошнім часам мы фіксуем актывізацыю спробаў ціску на канкрэтных сябраў каманды Народнага антыкрызіснага ўпраўлення з боку асоб, якія прадстаўляюцца супрацоўнікамі КДБ. Яны выкарыстоўваюць метады подкупу, шантажу, пагроз, рэпрэсій у дачыненні да родных і блізкіх членаў нашай каманды. У нас зафіксаваныя доказы гэтых дзеянняў”, — адзначыў палітык.

Падзяліцца: