Мінск 19:46

КДК паскардзіўся Лукашэнку і Караніку на безгаспадарчасць у Іўеўскім раёне, якім кіруе былы ідэолаг МУС

Апублікавана на адкрытай версіі “Позірку” 28 снежня ў 12:57.

Скрыншот: "Позірк"

27 снежня, Позірк. Аб выяўленні на аб’ектах жывёлагадоўлі “шэрагу праблем і недахопаў” гаворыцца ў службовым лісце старшыні Камітэта дзяржкантролю (КДК) Васіля Герасімава кіраўніку Гродзенскага аблвыканкама Уладзіміру Караніку.

Дакумент датаваны 4 лістапада 2024 года, яго копію перадало “Позірку” аб’яднанне былых сілавікоў BelPol.

З напісанага вынікае, што ў кастрычніку ў рамках “выканання даручэння кіраўніка дзяржавы” КДК праводзіў у Гродзенскай вобласці “кантрольныя мерапрыемствы” па пытаннях “гатоўнасці жывёлагадоўчых аб’ектаў <…> да зімова-стойлавага перыяду”.

Адзначаецца, што на шэрагу аб’ектаў “не праведзены рамонт і ўцяпленне памяшканняў”, “не адрамантаваныя сістэмы гноевыдалення і водапаення”, “не праведзены рамонт стойлавага абсталявання”. Гэта, як сцвярджаецца, “аказвае негатыўны ўплыў на бесперабойную працу” жывёлагадоўчых ферм.

“Асаблівую занепакоенасць выклікае тое, што нават элементарныя пытанні па навядзенні парадку не могуць вырашыць і замацаваныя за гаспадаркамі старшыні райвыканкамаў. Гэта паказвае на адсутнасць з іх боку належнай выканальніцкай дысцыпліны”, — падкрэслівае Герасімаў.

У якасці прыкладу чыноўнік прыводзіць сельгаспрадпрыемства “Суботнікі” Іўеўскага раёна, за якім “замацаваны” старшыня райвыканкама Ігар Генец. На прадпрыемстве, паводле слоў кіраўніка КДК, “у навесе, дзе захоўвалася сена, часткова адсутнічалі лісты шыферу, што не выключала трапленне атмасферных ападкаў і псаванне сена”.

“У філіяле “Дубна” ААТ “Агракамбінат “Скідзельскі” Мастоўскага раёна на МТФ “Сухінічы” не адрамантаваны дах (маецца цеч) у памяшканні для ўтрымання рамонтных цёлак. У выніку непрыняцця належных мер адзначаецца разбурэнне цаглянага мура сцяны”, — паведамляецца ў лісце.

“Аналагічныя факты мелі месца і ў іншых сельгасарганізацыях”, — звяртае ўвагу старшыня камітэта.

“Аб наяўнасці названых праблем” даложана Аляксандру Лукашэнку, адзначаецца ў дакуменце. “У сувязі з гэтым кіраўнік дзяржавы даручыў (рэзалюцыя ад 25 кастрычніка 2024 года <…>) забяспечыць належную падрыхтоўку жывёлагадоўчых аб’ектаў да зімоўкі жывёлы і сумесна з урадам, Мінсельгасхарчам і аблвыканкамамі далажыць аб прынятых мерах”, — падкрэслівае Герасімаў.

“З улікам выкладзенага” ён заявіў Караніку аб неабходнасці “забяспечыць правядзенне кантрольных мерапрыемстваў у кожнай сельгасарганізацыі вобласці ў пытаннях гатоўнасці жывёлагадоўчых аб’ектаў да зімоўкі жывёлы і поўную ліквідацыю недахопаў”.

Таксама КДК запатрабаваў “прыцягнуць да дысцыплінарнай адказнасці асобаў, якія дапусцілі факты безгаспадарчасці”.

“Інфармацыю аб праведзенай працы” кіраўніку аблвыканкама было даручана накіраваць у Камітэт дзяржкантролю да 15 лістапада.

Згаданы ў лісце старшыня Іўеўскага райвыканкама Генец зацверджаны на пасадзе 17 сакавіка гэтага года. Прадстаўляючы новага кіраўніка мясцоваму Савету дэпутатаў, Каранік ахарактарызаваў яго як “чалавека з трыма вышэйшымі адукацыямі: псіхолаг, эканаміст і юрыст”. Той у сваю чаргу назваў сельскую гаспадарку прыярытэтным напрамкам працы.

У 1992 годзе Генец скончыў Ленінградскае вышэйшае ваенна-палітычнае вучылішча супрацьпаветранай абароны імя Ю.Андропава (РФ), у 2008-м — Інстытут тэхналогій інфарматызацыі і кіравання БДУ, у 2012-м — Акадэмію МУС.

З 1994 года працаваў у органах унутраных спраў. З 2017-га — начальнікам упраўлення ідэалагічнай работы і кадравага забеспячэння УУС Гродзенскага аблвыканкама.

Адметна, што праз пяць дзён пасля зацвярджэння на новай пасадзе Генец наведаў КСУП “Суботнікі”. Выступаючы перад калектывам прадпрыемства, былы супрацоўнік МУС казаў сярод іншага пра БелАЭС, якая “значна ўмацавала энэргетычную бяспеку” Беларусі, анансаваў палёт у космас бортправадніцы “Белавія” Марыны Васілеўскай, адзначаў важнасць даследавання Антарктыды беларускімі спецыялістамі.

Паведамлялася, што асобна на сустрэчы была абмеркаваная тэма “Экстрэмізм як пагроза нацыянальнай бяспецы. Прафілактыка і супрацьдзеянне ў маладзёжным асяроддзі”.

Падзяліцца: