Мінск 22:45

СК праводзіць праверку па факце смерці дзіця ў дзіцячай установе ў Асіповічах

Асіповічы
Ілюстрацыйнае фота: osipovichi-region.by

11 студзеня, Позірк. Па факце смерці малалетняга дзіця ў “адной з дзіцячых устаноў” Асіповічаў (Магілёўская вобласць) праводзіцца праверка, паведаміла 11 студзеня прэс-служба Следчага камітэта.

“Падчас прыёму ежы 2-гадовы малы падавіўся ежай, — адзначае ведамства. — Нягледзячы на экстраныя рэанімацыйныя дзеянні работнікаў установы і медыкаў што прыбылі, дзіця выратаваць не атрымалася”.

Паведамляецца, што следчы і спрецыяліст абласнога ўпраўлення Дзяржкамітэта судовых экспертыз агледзелі месца здарэння, былі апытаныя відавочцы і адміністрацыя ўстановы.

“Прызначаныя судова-медыцынская экспертыза, шэраг праверак у падраздзяленні міністэрстваў адукацыі і аховы здароўя”, – заяўляе СК.

Напярэдадні ўвечары пра здарэнне са спасылкай на ўласныя крыніцы паведаміла “Люстэрка”. Паводле інфармацыі медыя, трагедыя адбылася ў дзіцячым садку № 12 у Асіповічах яшчэ напрыканцы снежня 2024 года.

“Дзіця знаходзілася ў групе, падчас вячэры адбылася асфіксія — стан, пры якім звужаюцца дыхальныя шляхі праз трапленне іншароднага аб’екта, а арганізм не атрымлівае кісларод”, — гаварылася ў матэрыяле. Крыніца медыя сцвярджае, што “сям’і не дазваляюць казаць пра трагедыю публічна”.

У аддзеле па адукацыі Асіповіцкага райвыканкама журналістам “Люстэрка” пацвердзілі факт гібелі дзіця і паведамілі, што “ўсе службы былі праінфармаваныя неадкладна” — раённыя аддзелы пракуратуры, СК, упраўленне па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама.

Да з’яўлення інфармацыі пра смерць дзіця ў медыя — у гэтым выпадку ў тым, якое вымушана працаваць па-за межамі Беларусі, з палітычных матываў прызнанае рэжымам Аляксандра Лукашэнкі “экстрэмісцкім фарміраваннем”, — улады публічна не каментавалі здарэнне.

30 снежня 2024 года ўрад зацвердзіў “Палажэнне аб парадку і тэрмінах рэагавання на грамадска значную інфармацыю” (адпаведная пастанова апублікаваная 9 студзеня 2025-га). У якасці “меры рэагавання” дакумент дазваляе не разглядаць грамадска значную інфармацыю (за выключэннем крытычных матэрыялаў), калі трэба пазбегнуць “штучнага прыцягнення грамадскай увагі да грамадска значнай інфармацыі; узнікнення рэпутацыйных рызык для дзяржаўных органаў, дзяржаўных арганізацый, іх службовых асоб”, а таксама пры наяўнасці інфармацыі, “распаўсюд якой здольна нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам”.

Падзяліцца: