Мінск 17:04

Да канца года фізасобы могуць вывозіць з Гродзенскай вобласці ў Літву і Польшчу прадукты для сябе без абмежаванняў

Ілюстрацыйнае фота: Lukasz Rawa / unsplash.com

17 студзеня, Позірк. Да канца 2025 года фізічныя асобы могуць без абмежаванняў вывозіць у Літву і Польшчу шэраг прадукцыі для ўласных патрэбаў, вынікае з рашэння Гродзенскага аблвыканкама № 5 ад 10 студзеня. Дакумент, апублікаваны 17 студзеня на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, узгоднены з пагранічным і мытным камітэтамі.

У рашэнні ўладаў Гродзенскай вобласці гаворка ідзе пра пералік і колькасць тавараў для асабістага карыстання, забарона на вываз якіх замацаваная пастановай Савета міністраў № 224 ад 12 красавіка 2022 года “Аб мерах па абароне ўнутранага рынку”.

Гэтая пастанова забараняе вывозіць за межы Еўразійскага эканамічнага саюза больш за 2 кілаграмы пшанічнай мукі, 1 кг грэцкіх, рысавых, аўсяных, манных, ячных круп, проса, аўсяных шматкоў, макаронных вырабаў, солі і цукру, звыш 1 літра алею, больш за 3 бляшчанкі мясных, рыбных і малочных кансерваў (акрамя дзіцячага харчавання). Абмежаванне не тычыцца тавараў, набытых у крамах бяспошліннага гандлю і “іншых месцах або выпадках, вызначаных аблвыканкамамі”.

Варта адзначыць, што ў Гродзенскай вобласці для фізічных асоб забарона на вываз гэтых прадуктаў у Літву і Польшчу з большага не дзейнічала. Усяго праз два тыдні пасля таго, як урад прыняў згаданую пастанову, улады рэгіёна выпусцілі аналагічны цяперашняму дазвол — да 16 траўня 2022 года, 31 траўня — да канца таго года; 5 студзеня 2023-га і 16 студзеня 2024-га — да канца адпаведных гадоў.

На падставе рашэння Аляксандра Лукашэнкі, да канца 2025 года жыхарам Польшчы, Літвы, Латвіі, а таксама яшчэ 35 дзяржаў Еўропы дазволена наведваць Беларусь у бязвізавым парадку. Улады суседніх краін заклікаюць сваіх грамадзян не рабіць гэтага з меркаванняў бяспекі.

У красавіку 2022 года, неўзабаве пасля прыняцця ўрадам абмежавальнай пастановы Савета міністраў, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што жыхары суседніх краін ЕС “стаяць уздоўж мяжы” і “просяць купіць хаця б грэчкі і солі”.

Пазней ён ізноў выкарыстаў гэтую сумнеўную інфармацыю, каб вытлумачыць, чаму, на яго думку, улады суседніх еўрапейскіх краін перашкаджаюць выезду сваіх грамадзян у Беларусь: “Чаму? Таму што едуць людзі да нас, набываюць соль. У іх няма солі! Вялікі, багаты Захад, а солі няма!”

“І каб людзі не казалі пра тое, што беларусы нармальна жывуць, яны іх проста не выпускаюць. Вось і ўся дэмакратыя!” — сцвярджаў Лукашэнка.

Падзяліцца: