Мінск 15:54

На крытыку выбараў з боку Дзярждэпа амбасада Беларусі заявіла аб праве “не звяртаць увагі на капрызы рэжыму ЗША”

Будынак амбасады Беларусі ў Вашынгтоне
Скрыншот: сэрвіс Google Maps

18 студзеня, Позірк. Беларускі народ “мае права выказваць сваю волю і імкнуцца да свайго шчасця, не звяртаючы ўвагі на жаданні і капрызы рэжыму ЗША”, такім чынам амбасада Беларусі ў Вашынгтоне адрэагавала на крытычную заўвагу прэс-сакратара Дзяржаўнага дэпартамента Злучаных Штатаў Амерыкі Мэцью Мілера аб прызначаных на 26 студзеня 2025 прэзідэнцкіх выбарах.

Спікер амерыканскага знешнепалітычнага ведамства выказаўся пра электаральныя працэсы ў Беларусі на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Х. “Працяглая кампанія рэпрэсій зрабіла немагчымымі свабодныя і справядлівыя выбары ў Беларусі, і прэзідэнцкія выбары 2025 года не могуць адлюстроўваць волю беларускага народа. ЗША асуджаюць фіктыўныя выбары і наўмыснае і працяглае прыгнечанне свабод рэжымам”, — напісаў ён.

Рэакцыя амбасады Беларусі з’явілася не на сайце ці старонцы дыпламатычнай місіі ў Х, а ў каментарыях да паведамлення прэс-сакратара Дзярждэпа. Беларускія дыпламаты апрача іншага заявілі, што Мілер “не з’яўляецца ні суддзёй, ані прысяжным для Беларусі”, а таксама тое, што “яго “асуджэнне” безадказнае і не мае значэння”.

Адметны той факт, што дыппрадстаўніцтва Беларусі вырашыла адрэагаваць менавіта на паведамленне Мілера, а не на заяву дзяржаўнага сакратара Энтані Блінкена, якая, верагодна, і была прычынай таго, што прэс-сакратар Дзярждэпа выказаўся на тэму беларускіх выбараў.

Блінкен заявіў, што прэзідэнцкія выбары 2025 года ў Беларусі “не могуць быць свабоднымі і справядлівымі ва ўмовах цяперашняй рэпрэсіўнай абстаноўкі ў краіне”. Паводле яго слоў, палітыка рэжыму Аляксандра Лукашэнкі па прыгнечанні іншадумства “прадвызначыла вынік выбараў задоўга да адпраўлення бюлетэняў у выбарчыя скрыні”.

“Злучаныя Штаты падзяляюць меркаванне многіх еўрапейскіх саюзнікаў пра тое, што выбары не могуць заслугоўваць даверу ва ўмовах паўсюднай цэнзуры і адсутнасці незалежных СМІ, калі ў выбарчых бюлетэнях могуць быць прадстаўленыя толькі ўхваленыя рэжымам кандыдаты, а прадстаўнікі апазіцыі альбо знаходзяцца ў турме, альбо ў выгнанні”, — адзначыў дзяржсакратар ЗША.

Сёмыя прэзідэнцкія выбары ў Беларусі прызначаныя на 26 студзеня 2025 года (датэрміновае галасаванне — 21–25 студзеня).

Акрамя Лукашэнкі кандыдатамі на пасаду прэзідэнта зарэгістраваныя лідары трох праўладных партый — Алег Гайдукевіч (Ліберальна-дэмакратычная партыя Беларусі), Сяргей Сыранкоў (Камуністычная партыя Беларусі) і Аляксандр Хіжняк (Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці). Яшчэ адзін кандыдат — былы член Аб’яднанай грамадзянскай партыі, дэпутат Палаты прадстаўнікоў у 2016–2019 гадах, удзельніца выбарчай кампаніі 2020 года Ганна Канапацкая, якая пазіцыянуе сябе як “дэмакратычную альтэрнатыву”, аднак крытыкуе не Лукашэнку, а яго апанентаў, якія знаходзяцца ў турме або за мяжой.

Прэзідэнцкая кампанія праходзіць пад поўным кантролем уладаў. Палітычнае поле краіны цалкам зачышчанае ад актыўных апанентаў Лукашэнкі. Прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных сіл за мяжой называюць тое, што адбываецца, “спецаперацыяй па ўтрыманні ўлады”, праваабаронцы кажуць пра імітацыю канкурэнцыі.

З 1996 года ніводная выбарчая кампанія ў Беларусі не была прызнаная незалежнымі назіральнікамі транспарэнтнай і адпаведнай дэмакратычным стандартам.

Падзяліцца: