Мінск 14:49

У студзені — кастрычніку 2024 года Расія паставіла ў Беларусь мяса на 226 млн долараў

22 студзеня, Позірк. Беларусь уваходзіць у тройку імпарцёраў расійскага мяса, вынікае з інфармацыі федэральнага цэнтра развіцця экспарту прадукцыі АПК Мінсельгаса РФ.

Паводле афіцыйных звестак, за студзень — кастрычнік 2024 года расійскія вытворцы экспартавалі ў суседнюю дзяржаву мяса на 226 млн долараў, што на 10% больш аналагічнага леташняга перыяду.

Як адзначыў кіраўнік Нацыянальнай мясной асацыяцыі (РФ) Сяргей Юшын, Беларусь з’яўляецца буйным перапрацоўшчыкам і пастаўшчыком гатовай прадукцыі, але пры гэтым раней сама вырабляла і закупляла значны аб’ём сыравіны ў Еўропе. “Цяпер паставак з Еўропы няма, у выніку чаго Беларусь імпартуе з Расіі як сыравіну для мясакамбінатаў, так і мяса для продажу ў раздробных сетках і рэстаранах“, — сказаў прадстаўнік галіны.

Паводле статыстыкі цэнтра, у 2024 годзе лідарам у закупках мяса з Расіі стаў Кітай — 560 млн долараў (+14%). На другім месцы Саудаўская Аравія — амаль 230 млн (+1,9 раза).

Беларускі віцэ-прэм’ер Мікалай Снапкоў летась 22 кастрычніка заявіў, што айчынная свініна на 12% таннейшая за расійскую. “Гэта лагічна з улікам таго, што сярэдняя заработная плата ў Беларусі ніжэйшая, чым у Расійскай Федэрацыі. Але трэба адзначыць, што гэта таксама і стварае нервовасць на ўнутраным рынку з пункту гледжання яго забеспячэння“, — прызнаў чыноўнік.

Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Анатоль Ліневіч у інтэрв’ю “Сельскай газеце” ў лістападзе заявіў, што “асноўны аб’ём” экспартных паставак “прыпадае на традыцыйныя рынкі <…> краін СНД, перш за ўсё ў Расійскую Федэрацыю”.

Падзяліцца: