Мінск 13:56

ААЦ дазволіў ануляваць даменныя імёны, здольныя “нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам”

Ілюстрацыйнае фота: pixabay.com

22 студзеня, Позірк. Адміністратар нацыянальнай даменнай зоны “мае права прыняць рашэнне аб ануляванні запісу” аб рэгістрацыі даменнага імя, “здольнага прычыніць шкоду нацыянальным інтарэсам” Беларусі, вынікае з загаду Аператыўна-аналітычнага цэнтра (ААЦ) № 6 ад 17 студзеня 2025 года.

Дакумент, апублікаваны 22 студзеня на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, уносіць змены ў загад ААЦ № 47 ад 18 чэрвеня 2010 года. Набывае моц пасля афіцыйнага апублікавання.

Згодна з загадам, даменнае імя, запіс пра рэгістрацыю якога ануляваны з вышэйзгаданай прычыны, “уносіцца ў спецыяльны пералік”.

Якім чынам даменнае імя можа прычыніць шкоду нацыянальным інтарэсам краіны, у дакуменце не тлумачыцца.

Адміністратарам нацыянальнай даменнай зоны (.by, .бел) з 2022 года з’яўляецца кампанія “Беларускія воблачныя тэхналогіі” (beCloud).

4 красавіка 2024 года ААЦ выпусціў загад № 69, паводле якога “ў выпадку ўключэння ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў інфармацыйнай прадукцыі з пазначэннем інтэрнэт-рэсурсу і яго ідэнтыфікатара — даменнага імя, зарэгістраванага ў нацыянальнай даменнай зоне, запіс пра рэгістрацыю такога даменнага імя анулюецца на падставе рашэння адміністратара нацыянальнай даменнай зоны”.

Ануляванае даменнае імя ўносіцца ў спецпералік і “становіцца недаступным для рэгістрацыі на працягу перыяду знаходжання адпаведнай інфармацыйнай прадукцыі ў рэспубліканскім спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў”.

Акрамя таго, ААЦ вырашыў, што даменнае імя, запіс аб рэгістрацыі якога ануляваны, будзе выстаўляцца на аўкцыён не пазней за 45 каляндарных дзён з дня анулявання запісу (іншы тэрмін у дачыненні да канкрэтных даменаў можа быць вызначаны адміністратарам нацыянальнай даменнай зоны ў апавяшчэнні).

Праз 10 дзён пасля з’яўлення гэтага дакумента ААЦ ануляваў даменныя імёны сама меней дзевяці сайтаў СМІ ў зоне .by, у тым ліку “Медыязона. Беларусь”, Ex-Press.bу, “Медыя-Палессе”, IntexPress, Reform.by.

Летась у студзені ААЦ пазбавіў дэ-юрэ ліквідаваную Беларускую асацыяцыю журналістаў права на кіраванне даменным імем baj.by — нібыта праз выяўленыя парушэнні.

Камітэт па абароне журналістаў (CPJ) “рашуча асудзіў” рашэнне беларускіх уладаў ануляваць даменныя імёны сайтаў навін, якія тыя назвалі “экстрэмісцкімі”, і заклікаў “спыніць выкарыстанне заканадаўства аб экстрэмізме ў якасці інструмента цэнзуры для падаўлення незалежных СМІ”.

Падзяліцца: