Мінск 05:57

“Вясна”: Сярод палітвязняў у Беларусі 36 замежнікаў

Крыніца: pixabay.com

27 студзеня, Позірк. Сярод палітвязняў у Беларусі 36 грамадзян замежных дзяржаў, паведамляе праваабарончы цэнтр “Вясна”.

Паводле звестак праваабаронцаў, часцей за ўсё грамадзян іншых дзяржаў пераследвалі паводле арт. 3581 (агентурная дзейнасць) і 358 (шпіянаж) Крымінальнага кодэкса. Паводле такіх абвінавачванняў, з 2020 года асуджана не менш 23 замежнікаў.

Сярод іх — асуджаны на 12 гадоў зняволення за “шпіянаж” і “садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці” (арт. 3614 КК) грамадзянін Расіі Дзмітрый Шлетгаўэр, які 11 кастрычніка 2024-га памёр ва ўзросце 22 гадоў у Магілёўскай калоніі № 15. Вядома пра гэта стала толькі 1 лістапада.

Паводле арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) за ўдзел у акцыях пратэсту ў 2020 годзе асудзілі не менш за 19 замежнікаў. Яшчэ 35 асуджана паводле дыфамацыйных артыкулаў: арт. 368 (абраза прэзідэнта), 369 (абраза прадстаўніка ўлады), 130 распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы), 367 (паклёп на прэзідэнта).

Паводле арт. 289 КК (акт тэрарызму) у Беларусі асудзілі сем грамадзян іншых краін. Гэта грамадзяне Расіі Аляксей Кулікоў, Андрэй Паднябенны, украінцы Мікалай Швец, Сяргей і Павел Кабарчукі, Іван Ліхалат, немец Рыка Крыгер (пазней вызвалены ў рамках міжнароднага абмену).

Паводле звестак “Вясны”, адвакат Юрый Зянковіч, у якога беларускае амерыканскае грамадзянства, з канца лета 2024 года знаходзіцца ў СІЗА КДБ у Мінску. 17 студзеня на тэлеканале АНТ у рамках прапагандысцкага праекта “Ссвабода слова” было паказана інтэрв’ю, якое запісвалася на волі, мужчына быў апрануты ў касцюм.

5 верасня 2022 года Мінскі абласны суд прыгаварыў Зянковіча да 11 гадоў зняволення паводле ч. 1 арт. 357 (змова, здзейсненая з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам), ч. 1 арт. 3611 (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання і кіраўніцтва такім фарміраваннем), ч. 3 арт. 361 (публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады, здзяйснення іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі) і ч. 3 арт. 130.

Пры гэтым мужчына заключыў дасудовае пагадненне са следствам, якое прадугледжвае прызнанне віны і, пры неабходнасці, садзейнічанне ў выкрыцці іншых фігурантаў справы.

У кастрычніку 2024 года суд Ленінскага раёна Магілёва прыгаварыў Зянковіча яшчэ да 2 гадоў пазбаўлення волі паводле арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі папраўчай установы).

У верасні 2024-га Зянковіч звярнуўся да Лукашэнкі з вуснай просьбай аб памілаванні і магчымасці вярнуцца ў ЗША. Заяву ён зрабіў у прадэманстраваным 19 верасня на тэлеканале “Беларусь 1” фільме “Забойная змова. Мэта — Лукашэнка”.

Як грамадзянін ЗША ён таксама звярнуўся на той момант да кандыдатаў на пасаду прэзідэнта краіны Камалы Харыс і Дональду Трампу з просьбай паспрыяць яго “хутчэйшаму вяртанню ў Злучаныя Штаты”.

Праваабаронцы адзначаюць, што 26 студзеня стала вядома, што Беларусь вызваліла грамадзянку ЗША Анастасію Нуфер (падрабязнасці невядомыя).

Падзяліцца: