Мінск 14:47

МЗС РФ абвінаваціў Захад у стварэнні пагрозы бяспецы Саюзнай дзяржавы

МЗС РФ
Ілюстрацыйнае фота: Акмар / сэрвіс "Яндэкс Мапы"

4 лютага, Позірк. “На нашых заходніх рубяжах ідзе агрэсіўнае вайсковае будаўніцтва, якое стварае пагрозы бяспецы Саюзнай дзяржавы”, — заявіў кіраўнік другога дэпартамента краін СНД Міністэрства замежных спраў Расіі Аляксей Палішчук у апублікаваным 4 лютага інтэрв’ю ТАСС.

На яго думку, “Захад сам і часта на шкоду ўласным эканамічным інтарэсам адгарадзіўся ад Расіі і Беларусі і робіць усё, каб разарваць апошнія ніткі супрацы”.

“Мы зазнаем беспрэцэдэнтны незаконны санкцыйны ціск, — заявіў расейскі дыпламат. — Працягваецца юрыдычная агрэсія і спробы ўмяшання ва ўнутраныя справы Расіі і Беларусі”.

У тым, што заходнія краіны не прызналі электаральную працэдуру 26 студзеня, якую афіцыйны Мінск называе “прэзідэнцкімі выбарамі”, прадстаўнік МЗС РФ пабачыў намер не адмаўляцца ад “напышлівай палітыкі падвойных стандартаў і спробаў умяшання ва ўнутраныя справы суверэнных дзяржаў”.

У сваю чаргу Расія, паводле слоў Палішчука, лічыць, што “вынікі выбараў больш чым пераканаўча прадэманстравалі цвёрдую падтрымку беларускімі выбаршчыкамі палітыкі, якая праводзіцца прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнкам унутры краіны і ў знешніх справах”.

“Гэта ў поўнай меры тычыцца і паслядоўнага курсу на ўмацаванне традыцыйна блізкіх сувязей брацкіх народаў Расіі і Беларусі, будаўніцтва Саюзнай дзяржавы і развіццё ўзаемавыгаднага партнёрства ў рамках агульных для нас інтэграцыйных шматбаковых аб’яднанняў. Як вядома, прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін павіншаваў Аляксандра Лукашэнку з перамогай на выбарах і запрасіў яго наведаць нашу краіну”, — заявіў прадстаўнік МЗС РФ.

На пасяджэнні Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы 6 снежня 2024 года ў Мінску Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін падпісалі дагавор аб гарантыях бяспекі РФ і Беларусі. Расійскі прэзідэнт у той жа дзень заявіў, што гэты дакумент “вызначае ўзаемныя саюзніцкія абавязацельствы па забеспячэнні абароны, абарону суверэнітэту, незалежнасці і канстытуцыйнага ладу” дзвюх краін. Ён у чарговы раз нагадаў, што “гаворка ў тым ліку ідзе і пра расійскую тактычную ядзерную зброю”, як ён сцвярджае, размешчаную “на прапанову” Лукашэнкі на тэрыторыі Беларусі.

Расія пачала фарсіраваць тэму інтэграцыі з Беларуссю ў снежні 2018 года. Дзмітрый Мядзведзеў, які на той момант займаў пасаду прэм’ер-міністра РФ, фактычна ўвязаў максімальнае збліжэнне дзвюх краін з далейшай падтрымкай Мінска з боку Масквы.

Спалучэнне дзвюх краін інтэнсіфікавалася ў 2020 годзе — пасля сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, калі Масква падтрымала Аляксандра Лукашэнку, а таксама ў 2022-м — пасля поўнамаштабнага ўварвання РФ ва Украіну, калі рэжым у Мінску даў Крамлю тэрыторыю для нападу і пачаў усяляк садзейнічаць яе агрэсіўным дзеянням.

Беларусь і РФ сталі імкліва збліжацца ў палітычным, вайсковым і эканамічным плане на фоне ўведзеных супраць іх дэмакратычнымі краінамі маштабных санкцый.

Падзяліцца: