Мінск 15:43

МАРГ “рэкамендуе” мінімізаваць выкарыстанне замежнай мовы ў назвах гандлёвых аб’ектаў і рэкламе

Гандлёвы цэнтр Dana Mall у Мінску
Ілюстрацыйнае фота: сацсеткі гандлёвага аб'екта

5 лютага, Позірк. Для “абароны нацыянальнай культуры, захавання і зацвярджэння традыцыйных каштоўнасцей беларускага народа, уключаючы дзяржаўныя мовы”, Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю “настойліва рэкамендуе” суб’ектам гаспадарання “мінімізаваць выкарыстанне замежнай мовы” ў назвах гандлёвых аб’ектаў, аб’ектаў абслугоўвання і рэкламе.

Прэс-служба ведамства паведаміла, што МАРГ “ажыццяўляе правядзенне адзінай дзяржаўнай палітыкі ў галіне гандлю і рэкламы, распрацоўвае і рэалізуе мерапрыемствы па развіцці рэкламнай дзейнасці з улікам нацыянальных інтарэсаў”. Міністэрства спасылаецца на прынятую ў 2023 годзе Канцэпцыю развіцця нацыянальнай культурнай прасторы ва ўсіх сферах жыцця грамадства на 2024–2026 гады.

Гэтая канцэпцыя, адзначае МАРГ, “рэалізуецца ў мэтах усебаковай падтрымкі развіцця культуры” Беларусі, забеспячэння яе культурнай бяспекі, “абароны нацыянальнай культурнай прасторы, захавання і зацвярджэння традыцыйных каштоўнасцей беларускага народа, фармавання патрыятычных перакананняў і грамадзянскай адказнасці, процідзеяння пагрозам нацыянальнай бяспекі ў інтарэсах беларускай дзяржавы, грамадства і грамадзян”.

На дасягненне гэтых мэт, мяркуюць у ведамстве, павінны быць скіраваныя “намаганні ўсіх суб’ектаў, якія фармуюць інфармацыйную прастору краіны”.

Адзін з механізмаў рэалізацыі канцэпцыі — скарачэнне выкарыстання замежных слоў (у тым ліку абрэвіятур) у назвах гандлёвых марак ды інш.

Варта адзначыць, што развіццё беларускай мовы дзесяцігоддзямі было прэрагатывай грамадскіх ініцыятыў і арганізацый.

Пасля сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў 2020 года рэжым Лукашэнкі разгарнуў маштабныя рэпрэсіі, у выніку якіх было ліквідавана мноства арганізацый і ініцыятыў, якія развівалі беларускую культуру, у тым ліку Саюз беларускіх пісьменнікаў, Беларускі ПЭН-цэнтр, Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны, шэраг прыватных выдавецтваў, якія спецыялізаваліся на перакладах на беларускую мову і сучаснай беларускамоўнай літаратуры.

Дэ-факта ў краіне праводзіцца палітыка русіфікацыі. Паводле перапісу насельніцтва, колькасць беларусаў, якія лічаць сваёй роднай мовай беларускую, знізілася з 85,6% у 1999 годзе да 61,2% у 2019-м.

Намінальна 40% школ у краіне беларускамоўныя, але навучаецца ў іх усяго каля 10% вучняў (крыху больш за 100 тыс.).

Падзяліцца: