Мінск 18:29

Краіны Балтыі не выключаюць правакацый пасля адключэння ад энергасістэм Беларусі і Расіі

Крыніца: pixabay.com

6 лютага, Позірк. Энергасістэмы краін Балтыі 8–9 лютага будуць адключаныя ад энергасістэм Беларусі і Расіі і сінхранізаваныя з еўрапейскай кантынентальнай сеткай ENTSO-E, паведамляе партал lsm.lv.

Гатоўнасць да пераключэння сістэм пацвердзіў 5 лютага прэзідэнт Латвіі Эдгарс Рынкевічс.

“Усе нашы ведамствы і прадпрыемствы, якія адказваюць за пастаўку электраэнергіі, знаходзяцца ў стане павышанай гатоўнасці. <…> Я разумею іх занепакоенасць. Я таксама разумею, што гэта найважнейшае пытанне для ўмацавання нашай бяспекі і незалежнасці пасля адмовы ад газу і нафты з РФ і Беларусі. Не менш важна, каб наша незалежнасць умацоўвалася ў сферы электраэнергетыкі”, — сказаў Рынкевічс.

Падкрэсліваецца, што гэты крок мае важнае значэнне для доўгатэрміновай бяспекі краін Балтыі, паколькі забяспечыць поўную незалежнасць ад расійскай энэргетычнай сістэмы. Таксама адзначаецца, што вакол падзеі ёсць інфармацыйны ажыятаж з мэтай “запалохвання насельніцтва”.

“Мы не можам выключаць нейкага роду правакацый. Таму органы бяспекі Латвіі і іншых краін знаходзяцца ў стане павышанай гатоўнасці”, — паведаміў латвійскі прэзідэнт.

Пра рашэнне адключыцца ад электракальца БРЭЛЛ (злучае іх з сеткамі Беларусі і Расіі) краіны Балтыі заявілі яшчэ ў жніўні 2023 года.  Аператары сістэмы перадачы электраэнергіі краін Балтыі — Litgrid (Літва), AST (Латвія) і Elering (Эстонія) — падпісалі пагадненне, згодна з якім падключэнне да сетак кантынентальнай Еўропы планавалася на люты 2025 года.

10 ліпеня 2024 года ў Юрмале міністры Латвіі, Літвы і Эстоніі, якія адказваюць за сферу энергетыкі, пацвердзілі гатоўнасць сваіх краін адлучыцца ад энергасістэм Беларусі і РФ і сінхранізавацца з еўрапейскай кантынентальнай сеткай ENTSO-E.

16 ліпеня аператары сістэмы перадачы электраэнэргіі Litgrid (Літва), AST (Латвія) і Elering (Эстонія) накіравалі беларускім і расійскім калегам апавяшчэнне аб тым, што не будуць падаўжаць дамову аб працы энэргакальца БРЭЛЛ.

Міністэрства энергетыкі Беларусі, каментуючы гэтыя дзеянні 17 ліпеня, заявіла, што наступствы выхаду краін Балтыі з БРЭЛЛ “адаб’юцца перш за ўсё на спажыўцах гэтых дзяржаў”.

Тэрмін дзеяння дагавора аб БРЭЛЛ заканчваецца 7 лютага 2025 года.

Раней Вільнюс спрабаваў пераканаць Рыгу і Талін адлучыцца ад Беларусі і РФ у пачатку 2024 года. Яны заявілі, што гэта немагчыма, у тым ліку з-за эканамічных выдаткаў.

22 красавіка 2023 года Літва паспяхова пратэставала працу нацыянальнай энергасістэмы ў адрыве ад сістэм Беларусі і РФ. Упершыню за ўсю гісторыю незалежнасці краіна самастойна кантралявала частату току і рэгулявала вытворчасць электраэнергіі.

Украінскія ўлады мелі намер адключыцца ад паралельнай працы з энергасістэмамі Беларусі і РФ і сінхранізавацца з еўрапейскай кантынентальнай сеткай ENTSO-E ў 2023 годзе. 23 лютага 2022 года энергасістэма Украіны была ізаляваная ад Беларусі і Расіі — для тэставых выпрабаванняў. Назад яе павінны былі далучыць 27 лютага. Аднак праз напад войскаў РФ Мінэнэрга Украіны прыняло рашэнне не вяртаць энэргасістэму ў паралельную працу з беларускай і расійскай сеткамі.

Пазней украінская энергасістэма цалкам сінхранізавалася з ENTSO-E.

Падзяліцца: