Мінск 18:16

Краіны Балтыі адлучыліся ад энергасістэм Беларусі і РФ

Ілюстрацыйнае фота: pixabay.com

8 лютага, Позірк. Каля 10:00 паводле мінскага часу 8 лютага тры балтыйскія дзяржавы пакінулі электрычнае кольца БРЭЛЛ, якое дзесяцігоддзямі злучала іх энергасістэмы з энергасістэмамі Беларусі і Расіі.

Аператары сістэмы перадачы электраэнергіі Litgrid (Літва), AST (Латвія) і Elering (Эстонія), паводле інфармацыі партала навін Delfi, пачалі сумеснае тэставанне сістэм у ізаляваным рэжыме. Апоўдні 9 лютага краіны Балтыі сінхранізуюцца з еўрапейскай кантынентальнай сеткай ENTSO-E.

Летась у ліпені Міністэрства энергетыкі Беларусі, каментуючы рашэнне балтыйскіх дзяржаў не падаўжаць дзеянне дагавора аб БРЭЛЛ, заявіла, што наступствы іх выхаду з электракольца “адаб’юцца перш за ўсё на спажыўцах гэтых дзяржаў”. Пры гэтым было адзначана, што на працу беларускай энергасістэмы дзеянні Літвы, Латвіі і Эстоніі не паўплываюць.

Разам з тым напрыканцы снежня энергетыкі Беларусі і РФ правялі міжсістэмную трэніроўку для забеспячэння “надзейнай сінхроннай працы ў новых умовах”.

Сінхронны рэжым працы энергасістэм дазваляў краінам электракольца страхаваць адна адну ў выпадку ўзнікнення аварыйных сітуацый і гандляваць электраэнергіяй. Аднак краіны Балтыі бачылі пагрозу ў тым, што рэгуляванне частаты ў кольцы адбываецца пры ўдзеле Расіі, якая, на іх думку, магла б выкарыстаць гэта ў якасці сродку энергетычнага ціску ці зброі. Пасля падключэння да сеткі Беларускай АЭС увосень 2020 года балтыйскія дзяржавы дамовіліся не набываць электраэнергію ва ўладаў у Мінску.

Украіна, энергасістэма якой раней таксама была аб’яднаная з сістэмамі Беларусі і Расіі, кардынальна змяніла планы праз развязаную супраць яе Масквой поўнамаштабную вайну.

Кіеў меў намер адключыцца ад паралельнай працы з беларускай і расійскай энергасістэмамі і сінхранізавацца з еўрапейскай кантынентальнай сеткай ENTSO-E у 2023 годзе. 23 лютага 2022 года энергасістэма Украіны была ізаляваная ад Беларусі і Расіі — для тэставых выпрабаванняў. Назад яе павінны былі далучыць 27 лютага. Аднак праз напад войскаў РФ 24 лютага Мінэнерга Украіны прыняло рашэнне не вяртаць энергасістэму ў паралельную працу з беларускай і расійскай сеткамі.

Пазней украінская энергасістэма цалкам сінхранізавалася з ENTSO-E.

Падзяліцца: