Мінск 00:24

БАЖ далучылася да патрабавання міжнародных арганізацый вызваліць грузінскую журналістку Мзію Амаглабелі

Мзія Амаглабелі

23 лютага, Позірк. Беларуская асацыяцыя журналістаў (дзейнічае ў выгнанні ў сувязі з пераследамі за прафесійную дзейнасць і пасля юрыдычнай ліквідацыі на радзіме ў 2021 годзе) далучылася да патрабавання міжнародных арганізацый вызваліць грузінскую журналістку Мзію Амаглабелі.

Заснавальнік мясцовых незалежных выданняў Netgazeti і Batumelebi (“Батумцы“) была арыштаваная 11 студзеня на акцыі пратэсту супраць адмовы кіроўнай партыі “Грузінская мара“ інтэгравацца ў Еўрасаюз і ператварэння краіны ў аўтарытарную дзяржаву пад кіраўніцтвам прарасійскага алігарха Бідзіны (Барыса) Іванішвілі. Амаглабелі была абвінавачаная ў нападзе на паліцэйскага, ёй пагражае да 7 гадоў пазбаўлення волі.

На знак пратэсту журналістка галадала 38 дзён. 18 лютага яна выйшла з галадоўкі пасля папярэджання лекараў пра рызык смяротнага зыходу. Зараз Амаглабелі знаходзіцца ў бальніцы.

На 4 сакавіка прызначанае пасяджэнне суда, які разгледзіць пытанне аб змене ёй меры стрымання.

Патрабаванне аб вызваленні, ініцыяванае Міжнародным інстытутам прэсы (IPI), падпісала 90 праваабарончых, у тым ліку журналісцкіх арганізацый і СМІ, а таксама 225 журналістаў, рэдактараў і выдаўцоў.

Гл. таксама:

Журналіст Мялешка: Справа з выдварэннем мяне з Грузіі была толькі пачаткам — цяпер такіх выпадкаў ужо каля дзясятка

Падзяліцца: