Мінск 11:19

Камітэт ААН па ліквідацыі дыскрымінацыі ў дачыненні да жанчын заклікаў Беларусь скасаваць два крымінальныя артыкулы

Апублікавана на адкрытай версіі “Позірку” 25 лютага 2025 года ў 12:12

Ілюстрацыйнае фота: Marco Chilese / unsplash.com

24 лютага, Позірк. Скасаваць артыкулы 3611 (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім) і 3614(садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) Крымінальнага кодэкса заклікаў беларускія ўлады Камітэт ААН па ліквідацыі дыскрымінацыі ў дачыненні да жанчын (КЛДДЖ) па выніках разгляду краінавай справаздачы Беларусі аб выкананні аднайменнай канвенцыі.

Заклік утрымліваецца ў апублікаванай 24 лютага “папярэдняй неадрэдагаванай версіі” (advanced unedited version) заключэння КЛДДЖ, праца 90-й сесіі якога завяршылася 21 лютага.

КЛДДЖ заклікаў беларускія ўлады “перагледзець усе абвінавачанні, выстаўленыя супраць жанчын, незаконна ці адвольна затрыманых за ажыццяўленне свабоды слова, асацыяцыі і сходаў або за выкананне сваіх законных функцый, і спыніць і адмяніць любыя адміністрацыйныя ці крымінальныя пераследы, узбуджаныя ў сувязі з ажыццяўленнем гэтых правоў; гарантаваць права на справядлівае судовае разбіральніцтва усім асобам, у тым ліку тым, хто знаходзіцца ў выгнанні, шляхам спынення практыкі завочных судовых разбіральніцтваў, аднаўлення грамадзянства і юрыдычных дакументаў усіх жанчын, якія пацярпелі ад палітычна матываваных абвінавачанняў”.

Камітэт заявіў, што “сур’ёзна занепакоены звужэннем грамадзянскай прасторы” ў Беларусі і “актыўнай роляй дзяржавы” ў падаўленні праваабарончай дзейнасці. Адзначана, што “паступаюць паведамленні пра жорсткія рэпрэсіі ў дачыненні да жанчын-праваабаронцаў, палітычных актывістак і журналістак, уключаючы незаконныя і адвольныя затрыманні, пераследы, цэнзуру, узмоцненае сачэнне, прымусовае выгнанне, гендарны гвалт і пагрозы, пазбаўленне бацькоўскіх правоў”, што раўназначна злачынствам супраць чалавечнасці. У Камітэце сур’ёзна занепакоеныя “адсутнасцю адказнасці за гэтыя дзеянні, якія культывуюць беспакаранасць і страх, што перашкаджае свабодзе слова і інфармацыі”.

Адзначаецца, што “роспуск няўрадавых арганізацый (НУА) і абмежавальныя патрабаванні да іх рэгістрацыі, а таксама крыміналізацыя незарэгістраваных або распушчаных арганізацый паводле нявызначаных абвінавачванняў у экстрэмісцкай дзейнасці непрапарцыйна закранае НУА, якія выступаюць за правы жанчын і кідаюць выклік патрыярхальным гендарным нормам”.

У дакуменце утрымліваецца крытыка закона № 337-З ад 3 студзеня 2024 года “Аб змене законаў аб барацьбе з тэрарызмам” і ўказу Лукашэнкі № 37 ад 1 лютага 2024-га, якія дазваляюць сілавікам ужываць сілу “ў дачыненні да грамадзянскіх асоб, уключаючы жанчын”, і даюць ім “імунітэт ад адказнасці за прычыненую шкоду”. КЛДДЖ таксама занепакоены тым, што ў Беларусі адсутнічаюць “меры па гарантаванні грамадскай бяспекі і парадку, якія адпавядаюць міжнародным стандартам у галіне правоў чалавека”.

Камітэт настойліва заклікаў Беларусь “забяспечыць, каб жанчыны-праваабаронцы, палітычныя актывісткі, прадстаўніцы НУА і журналісткі, якія знаходзяцца ў краіне ці ў выгнанні, маглі свабодна выказваць сваё меркаванне і дамагацца сваіх законных мэт”.

Структура ААН заклікала “аператыўна пачынаць незалежныя, бесстароннія, эфектыўныя і празрыстыя расследаванні ўсіх паведамленняў пра парушэнні правоў чалавека, у тым ліку адвольныя затрыманні, пераслед, цэнзуру і гендарны гвалт у дачыненні да жанчын-праваабаронцаў, палітычных актывістак і журналістак; пераследаваць і адэкватна караць вінаватых і надаваць ахвярам эфектыўную абарону і пакрыццё шкоды”.

Асобны раздзел прысвечаны становішчу жанчын у месцах пазбаўлення волі. КЛДДЖ “па-ранейшаму сур’ёзна занепакоены паведамленнямі пра бесчалавечныя ўмовы ўтрымання жанчын” у няволі: “абмежаваным доступам зняволеных да эфектыўнай і даступнай юрыдычнай дапамогі; пастаяннымі паведамленнямі пра беспакараны гендарны гвалт, уключаючы сэксуальны гвалт і жорсткае абыходжанне <…> у зняволенні; адсутнасцю незалежных і канфідэнцыйных механізмаў падачы скаргаў; абавязковым характарам прымусовай працы ў якасці крымінальнага пакарання без рэгулявання або гарантый справядлівага ўзнагароджання або захавання стандартаў годнай працы”.

Камітэт таксама сур’ёзна занепакоены “працягам турэмнага зняволення жанчын, арыштаваных у сувязі са справамі аб правах чалавека, такімі як ажыццяўленне імі свабоды выказвання меркаванняў, асацыяцыі і сходаў, або жанчын, звязаных з НУА, а таксама тых, чыё заключэнне ўяўляе непасрэдную пагрозу іх здароўю ці жыццю, без разгляду магчымасці вызвалення”.

На 14 з 16,5 старонкі заключэння выкладзеныя розныя занепакоенасці, звязаныя са становішчам жанчын у Беларусі і абыходжаннем з імі, і рэкамендацыі ўладам у Мінску па выпраўленні сітуацыі. Апрача згаданых палітычных, гуманітарных пытанняў яны тычацца розных аспектаў забеспячэння гендарнай роўнасці.

Пастаянная прадстаўніца Мінска пры Аддзяленні ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Жэневе Ларыса Бельская, прадстаўляючы на пачатку лютага краінавую справаздачу Беларусі ў КЛДДЖ, заявіла, што ацэнкі Камітэта адносна рэпрэсій, “не з’яўляюцца адэкватнымі”. “Пратэсты, якія прайшлі ў Беларусі ў справаздачны перыяд, шмат у якіх выпадках не былі мірнымі. Пэўныя экстрэмісцкія дзеянні былі зробленыя работнікамі СМІ. Урад працуе над падвышэннем разумення сітуацыі”, — заявіла дыпламат.

“На жаль, напружаны фон вакол маёй краіны, які штучна ствараецца з палітычных матываў, можа перашкаджаць канструктыўным і прадметным дыскусіям. Гэта выпустошвае саму ідэю супрацы ў сферы правоў чалавека, як механізма падтрымкі намаганняў дзяржаў. Спадзяюся, што сёння мы з вамі не трапім у гэты тупік“, — прыводзіў словы Бельскай сайт сталага прадстаўніцтва Беларусі пры ААН у Жэневе.

Таксама ў КЛДДЖ быў заслуханы даклад пра становішча жанчын у Беларусі, падрыхтаваны экспертамі Беларускага Хельсінкскага камітэта, праваабарончых арганізацый Human Constanta і “Наш дом”, Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў, Кааліцыі супраць гендарнага і хатняга гвалту.

Камітэт па ліквідацыі дыскрымінацыі ў дачыненні да жанчын складаецца з незалежных экспертаў, якія ажыццяўляюць маніторынг выканання Канвенцыі ААН аб ліквідацыі ўсіх форм дыскрымінацыі ў дачыненні да жанчын. У склад камітэта ўваходзяць 23 эксперты па правах жанчын з розных краін.

Падзяліцца: