Мінск 14:43

У 2024 годзе спынена больш за 450 спробаў незаконнага ўвозу ў Гомельскую вобласць з РФ кармоў для жывёл — ДМК

5 сакавіка, Позірк. Больш за 450 спробаў незаконнага ўвозу ў Гомельскую вобласць з Расіі кармоў для жывёл спынена ў 2024 годзе, паведамляе Дзяржаўны мытны камітэт (ДМК).

Ва ўсіх выпадках кармы, якія ўвозіліся, не мелі ветэрынарнага сертыфіката і пасведчання якасці, адзначае ведамства.

Усяго за год канфіскавана больш за 8 тыс. тон такіх кармоў на агульную суму звыш 8 млн рублёў.

Паведамляецца таксама пра факты “транспарціроўкі ў Расію тавараў санкцыйнай групы, увоз якіх забаронены на тэрыторыю гэтай краіны без неабходных таварасуправаджальных дакументаў”. У мінулым годзе, паводле даных ДМК, устаноўлена 28 такіх выпадкаў.

“Часцей за ўсё гаворка пра гародніну і садавіну. [За год] было выяўлена каля 700 тон плодаагародніннай прадукцыі агульным коштам больш за 5 млн рублёў”, — гаворыцца ў паведамленні.

Адзначаецца, што ў 2025 годзе спынена транспарціроўка ў Расію без неабходных дакументаў больш за 14 тон астуджанага ласося на суму звыш 650 тыс. рублёў. “Па гэтым факце цяпер вядзецца адміністрацыйны працэс”, — заявілі ў ДМК.

26 лютага паведамлялася, што супрацоўнікі Паўночна-Заходняга ўпраўлення Федэральнай службы па ветэрынарным і фітасанітарным наглядзе (Рассельгаснагляд) не прапусцілі на тэрыторыю РФ партыю рыбы ласосевых парод агульнай вагой каля 400 кілаграмаў, якая рухалася з Беларусі.

Паводле інфармацыі прэс-службы ведамства, перавозчык не змог прадаставіць ветэрынарныя суправаджальныя дакументы, якія пацвярджаюць бяспеку і паходжанне тавару. Таксама адсутнічала маркіроўка, якая дазваляе ідэнтыфікаваць тавар і утрымлівае звесткі аб вытворцы, тэрміне рэалізацыі, даце вытворчасці, краіне паходжання і г.д.

Акрамя таго, “зафіксавана парушэнне ветэрынарна-санітарных правілаў транспарціроўкі рыбы, якая патрабуе захавання тэмпературнага рэжыму пры перавозцы і захоўванні: у транспартным сродку адсутнічала халадзільнае абсталяванне”.

20 лютага паведамлялася аб затрыманні на выездзе з Беларусі фуры, якая ў парушэнне ліцэнзійных правілаў перавозіла партыю бульбы. Паводле інфармацыі Дзяржаўнага мытнага камітэта, груз аб’ёмам 35 тон коштам 47 тыс. рублёў перамяшчаўся ў Расію. У перавозчыка адсутнічаў спецыяльны дазвол на экспарт прадукцыі.

Падзяліцца: