Мінск 05:02

Шэсць банкаў абвясцілі пра новаўвядзенні ў працы з кліентамі

Ілюстрацыйнае фота: pixabay.com

11 сакавіка, Позірк. Шэсць банкаў, што працуюць у Беларусі, паведамілі пра змяненні асобных правіл абслугоўвання і надалі новыя магчымасці для кліентаў, сведчыць праведзены Позіркам маніторынг іх актуальных прэс-рэлізаў.

“Беларусбанк” прапануе бізнесу адмысловыя рахункі для бяспечнага правядзення разлікаў па дагаворах (эскроў). Грошы, якія пакупнік размяшчае на эскроў, пералічваюцца прадаўцу пры ўзнікненні пазначаных у дагаворы падстаў, што мінімізуе рызыкі невыканання абавязацельстваў. Паслуга даступная ўсім юрыдычным асобам і індывідуальным прадпрымальнікам — кліентам банка.

“Белгазпрамбанк” павялічыў з 200 да 450 долараў на месяц (у эквіваленце) максімальную суму выдачы наяўнай замежнай валюты і беларускіх рублёў ва ўласных банкаматах пры аперацыях з выкарыстаннем карткі банка-нерэзідэнта.

“БНБ-Банк” скасаваў часовы ліміт у памеры 200 долараў (у эквіваленце) на зняцце наяўных сродкаў з карт замежных банкаў. Цяпер у прыладах банка з карткі банка-нерэзідэнта можна здымаць наяўныя грошы ў суме не больш як 550 долараў або еўра ў эквіваленце на каляндарны месяц. Для атрымання наяўных звыш ліміту трэба звяртацца ў касу банка з дакументам, што сведчыць асобу.

“БСБ Банк” прапануе аформіць карту ў доларах, еўра або расійскіх рублях міжнароднай плацежнай сістэмы Mastercard Gold са скідкай 50%. Да карты прыкладаецца пашыраная страхоўка. Акцыя дзейнічае да канца траўня.

“МТБанк” закрыў тарыфны план “Плацежнае кольца” і спыніў выпуск на фізічным носьбіце раней выпушчаных віртуальных карт “Аўтакарта”. У сувязі з гэтым спынены прыём заявак на выпуск (перавыпуск) дадатковых картак да асноўных карт у рамках згаданага тарыфнага плана, а таксама на выдачу на фізічным носьбіце раней выпушчанай віртуальнай банкаўскай плацежнай карткі на ўмовах “Аўтакарты”.

“Парытэтбанк” вызначыў ліміт на зняцце наяўных грошай ва ўласных банкаматах з выкарыстаннем карт, выпушчаных банкамі-нерэзідэнтамі, — да 50 базавых велічынь (да 2.100 рублёў) на працягу аднаго каляндарнага месяца.

На 1 лютага 2025 года ў краіне быў зарэгістраваны 21 банк. Прыбытак банкаў на гэтую дату склаў 227 млн ​​рублёў — на 13,2% больш, чым на аналагічную дату 2024-га (200,6 млн), сведчыць праведзены “Позіркам” аналіз даных Нацыянальнага банка.

Нарматыўны капітал павялічыўся за гэты перыяд на 14% (з 20 млрд 101,9 млн рублёў на 1 лютага 2024-га да 22 млрд 897,1 млн рублёў на 1 лютага 2025-га), актывы, схільныя да крэдытнай рызыкі, — на 14,9% (з 98 млрд 356 млн да 112 млрд 985 млн).

Неабслугоўваных актываў стала менш на 37,9% (3 млрд 215,5 млн супраць 5 млрд 177,6 млн).

Велічыня пакрыцця ліквіднасці зменшылася на 3,8 працэнтнага пункта (з 145,7% да 141,9%), чыстага стабільнага фандавання стала больш на 0,3 п.п. (рост з 130,9% да 131,2%).

Падзяліцца: