Мінск 01:41

Падсанкцыйнае ААТ “Планар” закупляе абсталяванне ў ЗША — BelPol

Фота: planar.by

18 сакавіка, Позірк. Адкрытае акцыянернае таварыства “Планар”, якое займаецца распрацоўкай і пастаўкамі спецыялізаванага тэхналагічнага абсталявання для рэалізацыі тэхналогій у мікраэлектроніцы, здзяйсняе закупкі ў ЗША, паведамляе аб’яднанне BelPol.

Адзначаецца, што гэтае беларускае прадпрыемства з’яўляецца “ключавым пастаўшчыком” абсталявання для расійскіх вытворцаў мікрачыпаў, а таксама для айчыннага ААТ “Інтэграл”, які “актыўна працуе на расійскі ваенна-прамысловы комплекс”.

Арганізацыя звяртае ўвагу, што “Планар” з 5 снежня 2023 года знаходзіцца ў санкцыйных спісах ЗША, з 22 лютага 2024-га — Вялікабрытаніі, з 24 лютага 2024-га — Аўстраліі, з 9 жніўня 2024-га — Канады.

“5 лістапада 2024 года кампанія падпісала кантракт з амерыканскім вытворцам паўправаднікоў TEKSOLI, Inc. на пастаўку камплектаў стандартных паўправадніковых пласцін з нанесенымі латэкснымі сферамі на агульную суму 10.235 долараў”, — паведамляе BelPol.

Паводле меркавання аб’яднання, “падобныя кампаніі павінны быць прадметам строгага кантролю, а іх дзейнасць — максімальна абмежаваная міжнароднымі санкцыямі, каб прадухіліць далейшыя рызыкі для глабальнай бяспекі”.

19 траўня 2024 года BelPol апублікаваў на сваім ютуб-канале расследаванне, у якім паведамляецца пра тое, як беларускія кампаніі зарабляюць мільёны долараў на пастаўках у Расію ўзбраенняў у абыход санкцый.

У цэнтры расповеду — дзейнасць падсанкцыйнага ААТ “Пеленг”, аднаго з вядучых у сістэме Дзяржкамваенпрама. На падставе наяўных дакументаў BelPol сцвярджае, што кампанія актыўна ўдзельнічае ў аснашчэнні расійскай баявой тэхнікі аптычнымі прыцэламі і іншым высокадакладным абсталяваннем. У гэтым ёй дапамагаюць іншыя беларускія прадпрыемствы, а таксама спецыяльна зарэгістраваныя фірмы-пракладкі. Камплектуючыя закупаюцца ў Кітаі, канчатковы прадукт прадаецца ў РФ і паступае на ўзбраенне расійскай арміі.

Згадваецца ў расследаванні і “Планар”.

У кастрычніку таго ж года Беларускі расследавальніцкі цэнтр (БРЦ) паведаміў, што прадукцыя бабруйскага дзяржпрадпрыемства “Белшына” (Магілёўская вобласць) шырока выкарыстоўваецца ў расійскай ваеннай прамысловасці.

Альянс расследавальнікаў Беларусі ў траўні заявіў, што аршанскі завод “Легмаш” (Віцебская вобласць) можа працаваць на расійскі ваенпрам. Журналісты звярнулі ўвагу на тое, што падчас візіту на прадпрыемства Аляксандра Лукашэнкі даваў справаздачу старшыня Дзяржкамваенпрама Дзмітрый Пантус.

Расследавальнікі здолелі распазнаць таварны код наменклатуры і найменні прадукцыі, якую паказвалі Лукашэнку. “Гэта тармазныя кольцы вялікія, малыя і падціскальныя для вырабу 9М22У: 9М22У.02.001 9М22У.02.003 9М22У.01.019. Пад гэтай абрэвіятурай хаваецца асноўны снарад для РСЗА “Град”, — падкрэслілі журналісты.

19 студзеня гэтага года BelPol заявіў, што шэраг беларускіх дзяржаўных прадпрыемстваў уцягнутыя ў масавую вытворчасць снарадаў для расійскага войска.

Сярод прадпрыемстваў, якія ўдзельнічаюць у вытворчасці снарадаў калібраў 122 і 152 мм, называліся Беларускі аўтамабільны завод і завод Базцьюб (абодва — Жодзіна, Мінская вобласць), Беларускі металургічны завод (Жлобін, Гомельская вобласць), Барысаўскі завод аўтатрактарнага электраабсталявання (БАТЭ, Мінская вобласць), завод “Легмаш” (Орша, Віцебская вобласць), Завод дакладнай электрамеханікі (Мінск).

Адзначалася, што таксама ў “схему ўваходзяць” прадпрыемствы “Гомсельмаш”, Гомельскі завод ліцця і нармалей, Мінскі аўтамабільны завод, Мінскі трактарны завод, Мінскі падшыпнікавы завод, ААТ “ММЗ імя Вавілава”, Аршанскі інструментальны завод, Маладзечанскі завод парашковай металургіі (Мінская вобласць), холдынг “Гарызонт”, ААТ “Інтэграл”, ААТ “Планар”, ААТ “Амкадор”, ААТ “Тэрмапласт” (усе — Мінск), Рагачоўскі завод “Дыяпраектар” (Гомельская вобласць).

Значная частка снарадаў, паводле звестак BelPol, прызначаная для выкарыстання рэактыўнымі сістэмамі залпавага агню “Град”, якімі расійская армія абстрэльвае Украіну.

Падзяліцца: