Мінск 15:46

Беларускія ўніверсітэты скароцяць набор студэнтаў

Крыніца: старонка Белдзяржуніверсітэта ў "Фэйсбуку"

24 сакавіка, Позірк. Беларускія ўніверсітэты прымуць на навучанне ў 2025 годзе 48,3 тыс. чалавек, з іх на бюджэтную форму — 31,8 тыс., паведамляе дзяржвыданне “Настаўніцкая газета” са спасылкай на начальніка галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі Сяргея Пішчова.

Паводле яго слоў, колькасць бюджэтных месцаў павялічана на 400 на спецыяльнасці медыцынскага, педагагічнага і інжынернага профіляў.

“Запатрабаванасць гэтых спецыяльнасцяў пацвярджаецца таксама павелічэннем колькасці абітурыентаў на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі”, — сказаў чыноўнік.

У 2024 годзе планавалася прыняць 50,6 тыс. абітурыентаў, з іх 31,4 тыс. — на бюджэтную форму навучання.

Беларускія ВНУ падчас уступнай кампаніі ў 2024 годзе недабралі 870 студэнтаў, паведаміў міністр адукацыі Андрэй Іванец на пашыраным педсавеце 27 жніўня 2024 года з удзелам Аляксандра Лукашэнкі.

Недабор каля 500 студэнтаў, паводле слоў кіраўніка Мінадукацыі, зафіксаваны на аграрныя спецыяльнасці, каля 120 — на спецыяльнасці інжынернага профілю.

Адметна, што словы Іванца разыходзяцца з інфармацыяй, якую 7 жніўня на прэс-канферэнцыі паведаміў першы намеснік міністра адукацыі Аляксандр Бахановіч. Паводле яго слоў, ВНУ выканалі план па наборы.

Упершыню за шмат гадоў у Беларусі не быў абвешчаны дадатковы набор на бюджэтныя месцы.

Бахановіч паведаміў, што ў 42 ВНУ на бюджэтную форму навучання ў 2024 годзе прынялі каля 33 тыс. першакурснікаў, што на 2,5 тыс. больш, чым годам раней. Заявы на паступленні падалі 40,5 тыс. чалавек.

Падзяліцца: