Мінск 03:20

Лукашэнка хоча “вярнуцца да канструктыўнага дыялогу” з Грэцыяй

25 сакавіка, Позірк. Часцей наведваць Беларусь, “каб пераканацца ў яе гасціннасці і добразычлівасці“, заклікаў грэкаў Аляксандр Лукашэнка ў віншаванні “народу Грэцыі“ з Днём незалежнасці.

“Гэтае свята сімвалізуе сілу і адзінства народа Грэцыі ў барацьбе за свае самабытнасць і свабоду. Беларусы таксама перажылі суровыя выпрабаванні і шануюць уласную гісторыю, таму заўсёды з сімпатыяй ставіліся да грэкаў, выказваліся за падтрыманне і паглыбленне двухбаковых стасункаў“, — гаворыцца ў пасланні, апублікаваным на сайце Лукашэнкі.

Ён таксама выказаў упэўненасць, што “вяртанне <…> краін да канструктыўнага дыялогу вельмі важна і ў больш шырокім кантэксце, з пункту гледжання ўстанаўлення згоды ў еўрапейскім рэгіёне, стварэння мірнай і спакойнай будучыні”.

12 красавіка 2024 года Кацярына Сакеларопулу, якая займала тады пасаду прэзідэнта Грэцыі, сустрэлася ў Афінах з дэмакратычным лідарам Святланай Ціханоўскай. Грэчаскі бок тады заявіў, што падтрымлівае “імкненне беларускага народа да дэмакратыі і правоў чалавека“.

Віншуючы грэчаскі народ са святам у 2024 годзе, Лукашэнка таксама заяўляў пра гатоўнасць “да аднаўлення страчаных гаспадарчых сувязяў“, “фармавання новых кантактаў у разнастайных кірунках“.

У нацыянальныя святы краін, якія крытыкуюць яго рэжым або ўвялі супраць яго санкцыі, Лукашэнка традыцыйна накіроўвае пасланні на адрас народаў, але не ўладаў.

Дыпламатычныя адносіны паміж краінамі ўстаноўленыя ў 1992 годзе.

Паводле звестак Міністэрства замежных спраў, у 2021 годзе беларускі экспарт у Грэцыю склаў 3,51 млн долараў, імпарт — 26,29 млн. Больш актуальнай статыстыкі ведамства не публікуе.

Падзяліцца: