Мінск 01:03

Праваабаронцы паведамілі пра вобшукі і допыты прадстаўнікоў прафсаюзаў

28 сакавіка, Позірк. Пра вобшукі, якія зладзіў Камітэт дзяржаўнай бяспекі ў прадстаўнікоў прафсаюзаў, паведамляе праваабарончы цэнтр “Вясна” са спасылкай на ўласныя крыніцы.

“Вядома, што ў “прафсаюзнікаў” канфіскавалі тэхніку, але пасля допытаў адпусцілі. Паведамляецца, што сілавікоў цікавілі сувязі з [фондамі салідарнасці] BySOL і ByHelp, а таксама ў людзей пыталіся пра гэтак званае “фінансаванне тэрарыстычнай дзейнасці”, — гаворыцца ў паведамленні.

У ліпені 2022 года Вярхоўны суд ліквідаваў Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП) і чатыры яго сяброўскія арганізацыі — Беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП), Беларускі незалежны прафсаюз (БНП), Свабодны прафсаюз металістаў (СПМ) і Свабодны прафсаюз Беларускі (СПБ). У краіне не засталося незалежных прафсаюзаў, існуе толькі праўладная Федэрацыя прафсаюзаў.

Летась у сярэдзіне лістапада праваабаронцы паведамлял пра 17 зняволеных прадстаўнікоў прафсаюзаў: кіраўнік БКДП Аляксандр Ярашук, былы кіраўнік прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч, актывіст прафсаюза РЭП Вячаслаў Арэшка, лідар арганізацыі БНП наваполацкага ААТ “Нафтан” Вольга Брыцікава, кіраўнік першаснай арганізацыі БНП на “Гродна Азот” Аляксандр Ханевіч, старшыня першаснай арганізацыі СПМ на МАЗе Арцём Жарнак, актывіст СПБ Аляксандр Кандрацюк, супрацоўнікі Беларускай чыгункі Ганна Аблаб, Сяргей Дзюба, супрацоўнік Беларускага металургічнага завода Аляксандр Гашнікаў, работнікі цэха “Аміяк-3” на “Гродна Азот” Андрэй Пагерыла, Валянцін Цераневіч, Сяргей Шэлест, Уладзімір Жураўка, былыя юрысконсульты ААТ “Нафтан” завода “Палімір” Аляксандр Капшуль і Ігар Мінц, работнік ЗАТ “Атлант” Сяргей Шамецька.

Згодна з табліцай на сайце “Вясны”, усе яны па-ранейшаму ў зняволенні.

Падзяліцца: