Мінск 05:17

У суд накіраваная справа пра незаконны абарот больш як 600 кг псіхатропаў, абвінавачаныя — замежнікі

Ілюстрацыйнае фота: James Yarema / unsplash.com

8 красавіка, Позірк. Генеральная пракуратура накіравала ў Гродзенскі абласны суд крымінальную справу ў дачыненні да двух замежных грамадзян, якім інкрымінаваны “незаконны абарот асабліва небяспечных псіхатропных рэчываў у буйным памеры ў складзе міжнароднай злачыннай арганізацыі”.

Згодна з матэрыяламі справы, як паведамляе прэс-служба нагляднага органа, абвінавачаныя з лістапада 2022 года па 25 сакавіка 2024-га “ўступілі ў міжнародную злачынную арганізацыю “Хім-прам” (пазней перайменавана ў “Мурмур Шоп”), у складзе якой ажыццяўлялі” на тэрыторыі Беларусі “незаконны абарот больш як 600 кг псіхатропных рэчываў”. Яны ж “незаконна перамясцілі іх праз дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь, а таксама мытную мяжу ЕАЭС”.

Сцвярджаецца, што Следчы камітэт сабраў “дастаткова доказаў” і дакладна кваліфікаваў дзеянні абвінавачаных паводле ч. 2 ст. 285 (стварэнне злачыннай арганізацыі або ўдзел у ёй), ч. 4 ст. 328 (незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў), ч. 3 ст. 3281 (незаконнае перамяшчэнне праз мытную мяжу ЕАЭС або дзяржмяжу Беларусі наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў або іх прэкурсораў або аналагаў) Крымінальнага кодэкса.

Намеснік генпракурора пакінуў без змяненняў абраную раней меру стрымання ў дачыненні да ўсіх абвінавачаных — заключэнне пад варту.

Паводле даных Дзяржаўнага мытнага камітэта (ДМК), у 2024 годзе вынята 1.622 тоны наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў — амаль у два разы больш, чым за папярэдні год. Зафіксаваныя 553 факты кантрабанды і незаконнага абароту наркотыкаў, узбуджана 310 крымінальных спраў — на 13% больш, чым у 2023-м.

Летась у лістападзе былыя сілавікі з аб’яднання BelPol на аснове аналітычнай даведкі МУС, якая трапіла ў іх распараджэнне, адзначылі, што галоўным пастаўшчыком наркотыкаў і псіхатропаў у Беларусь з’яўляецца Расія.

З дакумента вынікае, што ў першай палове 2024 года ў Беларусі выяўлена 17 каналаў паставак забароненых рэчываў: у 14 выпадках (82,4%) наркотыкі і псіхатропы паступалі з Расіі, у двух — з Польшчы, у адным — з Літвы.

6 лістапада 2024 года намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення арганізацыі барацьбы з кантрабандай ДМК Сяргей Дуброўскі паведаміў пра спыненне ў 2024 годзе (на той момант) больш як 440 спробаў перамяшчэння наркотыкаў і псіхатропаў праз мяжу. Паводле яго слоў, было канфіскавана каля 1.300 кг такіх рэчываў.

17 ліпеня 2024 года прэс-служба ДМК паведаміла пра спыненне арганізаванага канала ўвозу забароненых рэчываў і канфіскацыі найбуйнейшай у гісторыі краіны партыі наркотыкаў і псіхатропаў — 1.077 кг. Паводле ацэнкі МУС, рознічны кошт партыі склаў 28 млн долараў.

У МУС таксама паведамлялі, што ў 2023–2024 гадах ва ўзаемадзеянні з Гродзенскай мытняй быў перакрыты аналагічны канал пастаўкі асабліва небяспечных псіхатропных рэчываў з Літвы. Было затрымана 18 удзельнікаў арганізаванай злачыннай групы, у якую ўваходзілі грамадзяне Беларусі, Літвы і Расіі, канфіскавана больш за 600 кг асабліва небяспечных псіхатропных рэчываў коштам больш як 20 млн долараў.

Падзяліцца: