Мінск 10:33

Прадстаўнік профільнага РНПЦ: Мы яшчэ далёкія ад ліквідацыі раку шыйкі маткі як захворвання ў Беларусі

Крыніца: freepik.com

Апублікавана на адкрытай версіі “Позірку” 24 красавіка 2025 года ў 8:20

24 красавіка, Позірк. У Беларусі штогод выяўляецца каля 800 выпадкаў раку шыйкі маткі і каля 300 пацыентаў штогод паміраюць ад гэтага захворвання, паведаміла на прэс-канферэнцыі ў Мінску 23 красавіка загадчыца лабараторыі анкагінекалогіі РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі ім. Аляксандрава Вольга Матылевіч.

Захворванне з’яўляецца “сацыяльна-эканамічным цяжарам для нашай краіны”, адзначыла спікер.

Рак шыйкі маткі — гэта “выключна рэдкая анкалагічная паталогія, у якой вядома прычына ўзнікнення”: у больш за 90% выпадкаў ёй з’яўляецца вірус папіломы чалавека (ВПЧ), а каля 70% выпадкаў гэта ВПЧ высокай канцэрагеннай рызыкі 16 і 18 тыпаў, дадала Матылевіч.

“Гэта значыць, вядомая прырода ўзнікнення і вядомыя на сённяшні дзень вакцыны, якія могуць папярэдзіць такі шырокі спектр анкалагічных захворванняў. Вакцыны выкарыстоўваюцца ўжо даўно, яны зарэгістраваны з 2006, 2007, 2009 і далей гадоў”, — сказала яна.

Эфектыўнасць вакцын у залежнасці ад тыпу дасягае 70–80%, у свеце ўведзена больш як 300 млн вакцын, імі “прадэманстравана мінімальная колькасць неістотных ускладненняў, а эфектыўнасць выкарыстання высокая, фактычна дасягае 90% у таго кантынгенту дзяўчынак, якія былі прышчэплены”, падкрэсліла прадстаўнік РНПЦ.

У тым ліку ў 70% выпадкаў зніжаецца захваральнасць перадпухліннай паталогіяй, адзначыла спікер.

Паводле намесніка галоўнага ўрача па эпідэміялогіі ДУ “Рэспубліканскі цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя” Алы Дашкевіч, пачынаючы з чэрвеня і ў другім паўгоддзі ў Беларусі пачне праводзіцца вакцынацыя ад ВПЧ дзяўчынак ва ўзросце 11 гадоў.

“У цэлым сярод насельніцтва дастаткова вялікая зацікаўленасць менавіта ў гэтым прэпараце, таму ўжо цяпер ёсць вялікая колькасць зваротаў наконт вакцынацыі супраць ВПЧ, мы ўсё ж такі чакаем, што насельніцтва актыўна адгукнецца на правядзенне вакцынацыі”, — сказала Дашкевіч.

Як адзначыла Матылевіч, у Аўстраліі, дзе выкарыстоўвалі як ВПЧ-вакцынацыю, так і скрынінг, на сёння паказчык захворвання на рак шыйкі маткі складае чатыры выпадкі на 100 тыс. жаночага насельніцтва.

“Гэта ўжо лічыцца не праблемай аховы здароўя. Гэта значыць, гэта захворванне імкнецца да ліквідацыі. Мы, на жаль, далёкія яшчэ ад ліквідацыі, паколькі ў Беларусі [паказчык] складае 13,2 [выпадку] на 100 тыс жаночага насельніцтва, гэта значыць у тры разы вышэй. Таму мы вельмі зацікаўлены ў выкарыстанні гэтых вакцын”, — сказала яна.

Раней Міністэрства аховы здароўя паведамляла, што арганізаваная вакцынацыя дзяўчынак 2014 года нараджэння супраць ВПЧ-інфекцыі пачнецца ў красавіку — траўні (першая доза вакцыны) і ў кастрычніку — лістападзе (другая доза).

Загадчык аддзялення імунапрафілактыкі Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Кірыл Ігнатаў 24 лютага заяўляў, што вакцына супраць віруса папіломы чалавека павінна была паступіць у Беларусь у траўні.

У Глабальнай стратэгіі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя прапісана мэта ліквідаваць рак шыйкі маткі як праблему грамадскай аховы здароўя, што вызначаецца як зніжэнне паказчыка штогадовай захваральнасці да ўзроўню 4 або менш выпадкаў на 100 тыс. жанчын.

На канец 2021 года вакцынацыю супраць ВПЧ увялі 38 з 53 краін у Еўрапейскім рэгіёне.

На 2020 год захворванне на рак шыйкі маткі ў Беларусі складала 16,5 выпадкі на 100 тыс. жанчын.

СААЗ рэкамендуе прывіваць ад ВПЧ не толькі дзяўчынак, але і хлопчыкаў.

Падзяліцца: