Мінск 11:17

Мінсельгасхарч знізіў для РФ устаноўленыя днём раней мінімальныя цэны на малочную прадукцыю

Фота: officelife.media

24 красавіка, Позірк. Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання знізіла ўстаноўленыя ім жа гранічныя мінімальныя цэны на асобныя віды экспартуемай малочнай прадукцыі, вынікае з праведзенага Позіркам” параўнання пастаноў ведамства № 35 (ад 22 красавіка) і № 36 (ад 23 красавіка).

Дакументы апублікаваныя на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Змены цэн закранулі толькі прадукцыю, якая пастаўляецца ў Расію.

У прыватнасці, гранічная мінімальная цана прадукту “малако і вяршкі, згушчаныя, у парашку, гранулах або ў іншых цвёрдых відах, з утрыманнем тлушчу больш за 1,5 мас. %, без дадання цукру або іншых падсалоджваючых рэчываў” зніжана з 420 да 400 расійскіх рублёў за кілаграм.

Кілаграм сметанковага масла з утрыманнем малочнага тлушчу 80% і больш патаннеў з 800 да 700 расійскіх рублёў, а з утрыманнем малочнага тлушчу больш за 72%, але менш за 80 % — з 730 да 630.

Цэны на іншыя віды мяса-малочнай прадукцыі для расійскага рынку, якія рэгулююцца названымі пастановамі, не змяніліся. Таксама не зведалі змяненняў цэны на ўсю прадукцыю для іншых рынкаў, устаноўленыя ў доларах ЗША.

Падзяліцца: