Мінск 22:00

У першым квартале Грузію наведала больш за 17 тыс. беларусаў, яны выдаткавалі амаль 16 млн долараў

Фота: "Позірк"

24 красавіка, Позірк. У студзені — сакавіку 2025 года Грузію наведала 17.377 турыстаў з Беларусі — на 0,8% больш, чым за аналагічны перыяд 2024-га (17.236), паведамляе Нацыянальная адміністрацыя турызму гэтай краіны (НАТ).

У справаздачы ведамства адзначаецца, што ўсяго за тры месяцы Грузію наведала 958.947 замежнікаў (938.644; +2,2%).

Беларусь па гэтым паказчыку заняла 10-е месца. Наперадзе яе размясціліся: Турцыя — 225.265 (-11,5%), Расія — 219.264 (+1,8%), Арменія — 180.805 (-5,7%), Ізраіль — 80.896 (+72,9%), Азербайджан — 64.818 (+25,9%), Іран — 26.859 (-6,8%), Індыя — 26.373 (+27,7%), Украіна — 24.192 (-1,4%), Казахстан — 21.625 (-22,4%).

Паводле звестак Нацыянальнага банка Грузіі, даходы эканомікі краіны ад міжнароднага турызму ў першым квартале склалі 826 млн долараў. Статыстыку прыводзіць партал newsgeorgia.ge.

Турысты з Беларусі выдаткавалі ў Грузіі 15,9 млн долараў (-3,8%).

Больш выдаткавалі грамадзяне Расіі — 141,8 млн (-17,2%), Ізраіля — 114,2 млн (+73,7%), Турцыі — 107,1 млн (-8,8%), дзяржаў Еўрасаюза — 103,2 млн (-4,8%), Азербайджана — 48,6 млн (+19,8%), Украіны — 33,7 млн (+2%), Арменіі — 28,2 млн (-10%), Ірана — 27,2 млн (-8%).

З 1 студзеня 2026 года ў Грузіі ўступіць у сілу патрабаванне аб абавязковым медыцынскім страхаванні і страхаванні ад няшчасных выпадкаў для турыстаў. Па ініцыятыве НАТ створана міжведамасная камісія для вызначэння правілаў і ўмоў такога страхавання.

Грузія стала адной з краін, куды выязджаюць беларусы, якія ратуюцца ад рэпрэсій. Там можна знаходзіцца 364 дні ў годзе, віза не патрэбная. У пачатку 2024 года стала вядома, што за мінулы год колькасць грамадзян Беларусі, якія знаходзяцца ў Грузіі, зменшылася на 1.999, або на 15% (на 1 студзеня 2023-га ў Грузіі пражываў 13.361 беларускі грамадзянін).

На пачатак мінулага года беларусы з’яўляліся трэцяй па колькасці замежнай групай у Грузіі пасля расіян (62.304) і ўкраінцаў (20.716).

Разам з тым улады Грузіі адхіляюць усе заявы беларусаў аб прадастаўленні прытулку. Кіроўная партыя “Грузінская мара” прарасійскага алігарха Бідзіны (Барыса) Іванішвілі пайшла на канфрантацыю з Еўрасаюзам і ЗША, прызнае рэжым Аляксандра Лукашэнкі (абраны аднапартыйным парламентам прэзідэнт Міхаіл Кавелашвілі павіншаваў таго з “перавыбраннем”), яе метады барацьбы з апазіцыяй усё больш нагадваюць беларускія.

Падзяліцца: