Мінск 16:28

Еўропа зноў сутыкаецца з жорсткасцю дыктатур — Ціханоўская ў 80-ю гадавіну заканчэння Другой сусветнай вайны ў гэтай частцы свету

8 траўня, Позірк. У Дзень Перамогі ў Еўропе ўшаноўваюць тых, хто “ахвяраваў усім дзеля перамогі над тыраніяй”, заявіла беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская 8 траўня, у 80-ю гадавіну заканчэння Другой сусветнай вайны ў гэтай частцы свету.

“Але Еўропа зноў сутыкаецца з жорсткасцю дыктатур. Падтрымаем тых, хто з адвагай змагаецца за свабоду — ва Украіне, у Беларусі, паўсюль”, — заклікала палітык на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Х.

Прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК) па пытаннях абароны і нацыянальнай бяспекі Вадзім Кабанчук адзначыў, што Другую сусветную вайну варта ўспрымаць найперш як трагічную падзею.

“Для мяне гэтыя дні, у якія прынята аддаваць даніну памяці пра тую вялікую вайну, найперш звязаныя з успамінамі пра майго дзеда, які ваяваў, — цытуе палітыка прэс-служба АПК. — Я памятаю, як яны збіраліся з ветэранамі, сваімі аднавяскоўцамі, як размаўлялі паміж сабой. І я, будучы яшчэ зусім маладым, назіраў за імі. Бачыў, што ў людзей гэтыя сустрэчы выклікалі розныя эмоцыі. Але я ніколі не бачыў там радасці, звязанай з вайной. Гэта быў смутак. І былі рэчы, пра якія яны нават не хацелі гаварыць. Казалі, што адбываліся жахлівыя падзеі”.

“Пазней, калі адкрыліся архівы і з’явілася магчымасць паглядзець на гісторыю Другой сусветнай вайны з усіх бакоў, мы пачалі разумець: для паловы Беларусі вайна пачалася яшчэ ў 1939 годзе. Савецкі Саюз будаваў уласнае ўяўленне пра вайну на міфах, і на гэтых міфах выхоўвалі цэлыя пакаленні. Але праўда пра тое, што адбывалася на тэрыторыі Беларусі, дагэтуль не адкрытая цалкам. Людзі павінны ведаць пра злачынствы з абодвух бакоў. Беларусы апынуліся паміж двух таталітарных рэжымаў, і галоўным для многіх было проста выжыць”, — адзначыў ён.

Асэнсоўваючы, што падчас вайны загінулі мільёны людзей, падкрэсліў Кабанчук, “нельга ўспрымаць гэта як нагоду для святкавання”. Паводле яго слоў, свята “не можа быць на касцях”.

“У гэтыя дні я свядома аддаю перавагу не “дню перамогі”, а дню памяці і смутку па ўсіх загінулых. І ёсць простая, але глыбокая думка: “Ніколі зноў”. Каб падобнае больш ніколі не паўтарылася на нашай зямлі. Менавіта з такога пункту гледжання, на маю думку, мы мусім глядзець на вайну, на гэтую трагічную падзею — як беларусы, як людзі, для якіх памяць пра вайну — гэта найперш боль, а не парад”, — дадаў прадстаўнік АПК.

Падзяліцца: