Мінск 02:11

Супраць брата палітвязня Лосіка распачалі крымінальную справу паводле “экстрэмісцкага” артыкула, ён затрыманы

Фота: "УКантакце"

9 траўня, Позірк. Пра затрыманне Мікіты Лосіка — малодшага брата палітвязня Ігара Лосіка — 9 траўня паведаміў тэлеграм-канал “Краіна для жыцця”.

“Паводле непацверджанай інфармацыі, гэта адбылося яшчэ ў сярэдзіне красавіка. Цяпер ён, верагодна, знаходзіцца пад вартай. Прычыны затрымання і яго месцазнаходжанне пакуль невядомыя”, — гаварылася ў паведамленні.

Мужчына пражывае ў Оршы (Віцебская вобласць).

Паводле інфармацыі “Радыё Свабода”, 25-гадовы Лосік змешчаны ў следчы ізалятар Віцебска. Супраць яго распачатая справа за перадачу інфармацыі праекту “Беларускі Гаюн”.

Пра масавыя затрыманні па “справе Гаюна” паведамлялася 2 траўня. Паводле даных праваабаронцаў, у межах крымінальных спраў абвінавачванні былі прад’яўленыя паводле арт. 3614 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).

5 лютага 2025 года стала вядома, што ў выніку “несанкцыянаванага ўваходу” невядомыя атрымалі доступ да чат-бота праекту “Беларускі Гаюн”, дзе “збіралася інфармацыя ад людзей”.

Раней праўладныя рэсурсы распаўсюдзілі інфармацыю пра доступ сілавікоў да чат-бота, апублікаваўшы скрыншоты перапіскі заснавальніка праекту Антона Матолькі з нейкім чалавекам, верагодна, тым, хто меў доступ да бота. У публікацыі ўтрымліваліся пагрозы тым, хто дасылаў паведамленні. Матолька сцвярджаў, што гэты чалавек “не меў ніякіх доступаў са студзеня 2023 года”.

Праект “Беларускі Гаюн” быў заснаваны пасля расійскага ўварвання ва Украіну ў 2022 годзе, займаўся маніторынгам вайсковай актыўнасці ў Беларусі.

Спыніў працу 7 лютага.

14 снежня 2021 года Ігара Лосіка — фігуранта “справы Ціханоўскага” — асудзілі на 15 гадоў пазбаўлення волі паводле арт. 130 (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы) і арт. 293 (масавыя беспарадкі) КК. Утрымліваецца ў ПК № 1 (Наваполацк, Віцебская вобласць) у рэжыме інкамунікада.

Яго жонка Дар’я Лосік пасля затрымання 18 кастрычніка 2022 года была асуджана паводле ч. 1 арт. 3614 КК на два гады пазбаўлення волі за інтэрв’ю тэлеканалу “Белсат”. Выйшла на волю па памілаванні 3 ліпеня 2024 года незадоўга да заканчэння тэрміну зняволення.

Падзяліцца: