Мінск 19:48

Ад пачатку года літоўскія памежнікі прызямлілі 12 дронаў з кантрабандай з Беларусі

Фота: САДМ Літвы

17 красавіка, Позірк. Ад пачатку года памежнікі Літвы прызямлілі 12 дронаў з кантрабанднымі цыгарэтамі з Беларусі, паведамляе Служба аховы дзяржаўнай мяжы гэтай балтыйскай краіны.

Апошні такі выпадак здарыўся ў ноч на 17 красавіка ў наваколлях вёскі Кемянай (Вільнюскі раён).

“У цемры памежнікі пачулі гук, характэрны для беспілотных лятучых апаратаў, — гаворыцца ў паведамленні. — Неўзабаве дрон, які ляцеў з боку Беларусі ўглыб Літвы, быў зафіксаваны з дапамогай цеплавізара. Супрацоўнікі САДМ неадкладна выкарысталі антыдроннае абсталяванне, якое парушыла працу апарата, той упаў”.

Памежнікі знайшлі беспілотнік за некалькі сотняў метраў ад мяжы. Да апарата быў прымацаваны скрутак, абматаны поліэтыленавай плёнкай. У скрутку выявілася 750 пачкаў цыгарэт NZ Gold з беларускімі акцызнымі маркамі (кошт з улікам падаткаў у Літве — 4.035 еўра).

Па факце “набыцця і перавозкі падакцызных тавараў з парушэннем вызначанага парадку” распачатая адміністрацыйная вытворчасць.

Паводле інфармацыі САДМ, у 2025 годзе літоўскія памежнікі перахапілі 59 дронаў з кантрабандай з Беларусі, у 2024-м — 54.

Падзяліцца: