Мінск 12:58

У віншаванні з днём дзяржсімвалаў Лукашэнка сцвярджае, што да 1995 года жыццё ў Беларусі не было мірным (абноўлена)

Цырымонія ўшанавання дзяржсімвалаў у г. Стоўбцы Мінскай вобласці 11 траўня
Фота: pramen-news.by

11 траўня, Позірк. “Адлік мірнага стваральнага жыцця маладой краіны” пайшоў у 1995 годзе пасля змены афіцыйнай сімволікі, сцвярджаецца ў віншаванні Аляксандра Лукашэнкі з Днём Дзяржаўнага сцяга, Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага гімна.

Замену герба і сцяга 30 гадоў таму ён таксама назваў “перамогай гістарычнай справядлівасці”.

“Поспехі цяперашняга пакалення — ад моцнай дзяржаўнасці да развітой эканомікі — заўсёды будуць азарацца промнямі сонца, ўзыходзячага над зямным шарам, мець чырвона-зялёны адліў і гучаць у мелодыі гімна”, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.

Дзень гімна і сцяга адзначаецца ў другую нядзелю траўня. Уведзены ўказам Лукашэнкі ў 1998 годзе. У 2023-м ён дадаў да ліку сімвалаў, якія ўшаноўваюцца, гімн.

З 1990 года ў якасці дзяржаўных сімвалаў выкарыстоўваліся гістарычныя герб “Пагоня“ і бел-чырвона-белы сцяг.

Сімволіка была змененая па выніках ініцыяванага Лукашэнкам рэферэндуму ў 1995 годзе. За аснову і герба, і сцяга былі ўзятыя ўзоры афіцыйных сімвалаў БССР.

На сёння любое выкарыстанне гістарычнай сімволікі трактуецца ўладамі як пратэстнае і пераследуецца імі, хоць герб “Пагоня“ мае афіцыйных ахоўных статус як гісторыка-культурная каштоўнасць.

Акрамя таго, сімволіку, якая ўсе гады выкарыстоўвалася апазіцыяй і стала масава папулярнай падчас пратэстаў 2020 года, рэжым маніпулятыўна, пакуль на ўзроўні рыторыкі, адносіць да “нацысцкай“ — праз яе выкарыстанне некаторымі арганізацыямі калабарантаў падчас Другой сусветнай вайны.

У 2024 годзе дзяржпрапаганда актыўна эксплуатавала тэму юбілею “інстытута прэзідэнцтва“, атаясамляючы яго з 30-годдзем незалежнасці (Беларусь стала незалежнай дзяржавай трыма гадамі раней. — “Позірк”.).

Абнаўленне.

Лукашэнка ў гэтым годзе праігнараваў мерапрыемствы на пл.Дзяржаўнага сцяга ў Мінску (скрыжаванне вул. Арлоўскай і пр. Пераможцаў у раёне адной з яго рэзідэнцый — Палаца Незалежнасці).

Раней ён штогод іх наведваў, акрамя 2023 года.

Віншаванне ад імя Лукашэнкі зачытаў прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын, перадаюць дзяржСМІ.

У Мінску ўдзельнікі, сярод якіх, як правіла прадстаўнікі праўладных і бюджэтных арганізацый, пранеслі па пр.пераможцаў 500-метровы дзяржсцяг.

Мерапрыемства масава праведзеныя ў рэгіёнах. У прыватнасці, у Віцебску адкрыта пл. Герба і Сцяга — з удзелам губернатара Смаленскай вобласці РФ Васіля Анохіна.

Падзяліцца: