Мінск 01:52

Люксембург выдзяляе 250 тыс. еўра на дапамогу рэпрэсаваным беларусам

13 траўня, Позірк. Люксембург выдзяляе 250 тыс. еўра ў Міжнародны гуманітарны фонд на лячэнне і рэабілітацыю палітвязняў і рэпрэсаваных, паведаміў тэлеграм-канал дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай.

Пра гэта стала вядома на яе сустрэчы з віцэ-прэм’ерам і міністрам замежных спраў Ксаўе Бетэлем 13 траўня.

Абмяркоўваліся “шляхі падтрымкі беларускага народа, еўрапейская інтэграцыя і адказнасць рэжыму Лукашэнкі за злачынствы”.

Таксама гаворка ішла аб вызваленні палітвязняў, легалізацыю беларусаў у Люксембургу, “уплыў на беларускія рэаліі прынятых раней “Люксембургскіх рашэнняў [з рэкаменжацыямі па легалізацыі беларусаў у Еўропе]” і магчымасць прызначэння спецпасланніка па Беларусі.

“Унёсак у Міжнародны гуманітарны фонд дапаможа аднавіцца тым, хто прайшоў праз турмы, катаванні і пераслед. Я заклікаю Люксембург не спыняцца на гэтым — і далей уздымаць пытанні, датычныя Беларусі, на міжнародных пляцоўках. У прыватнасці, дапамагаць шукаць шляхі і спосабы вызвалення палітвязняў”, — сказала Ціханоўская.

Раней яе прэс-служба паведаміла, што 13–14 траўня дэмлідар наведае Люксембург, дзе возьме ўдзел у мерапрыемствах 134-й сесіі Камітэта міністраў СЕ.

На пасяджэнні згаданага камітэта, як адзначалася, “будзе зроблены наступны крок на шляху да фармалізацыі стварэння спецыяльнага трыбунала” па ваеннай агрэсіі супраць Украіны.

Ціханоўская падчас сустрэчы міністраў краін Савета Еўропы (СЕ) у Люксембургу выступіць, каб “патлумачыць і дэталёва раскрыць суагрэсарскую ролю рэжыму [Аляксандра] Лукашэнкі ў вайне, а таксама данесці неабходнасць прыцягнення ўсіх датычных да адказнасці”, паведамляе прэс-служба беларускага палітыка.

Міжнародны гуманітарны фонд у падтрымку беларускіх палітвязняў створаны ў красавіку 2024 года. Першы ўнёсак у які зрабіла Нарвегія. Прэм’ер-міністр гэтай скандынаўскай дзяржавы Ёнас Гар Стэрэ на сустрэчы з Ціханоўскай 30 красавіка 2024-га ў Осла паведаміў, што краіна пералічвае ў фонд 10 млн нарвежскіх крон (850 тыс. еўра).

На Стакгольмскай канферэнцыі па Беларусі 21 мая міністр міжнароднага развіцця, супрацоўніцтва і знешняга гандлю Швецыі Ёхан Форсэль адзначыў, што ўрад гэтай краіны выдзеліць 5 млн крон (каля 430 тыс. еўра) для Міжнароднага гуманітарнага фонду падтрымкі палітзняволеных Беларусі.

4 жніўня мінулага года ў Вільнюсе на канферэнцыі “Новая Беларусь” сузаснавальнік фонду салідарнасці BYSOL Андрэй Стрыжак паведаміў, што да Міжнароднага гуманітарнага фонду для палітычных зняволеных ужо ўваходзяць восем арганізацый.







Падзяліцца: